Святлана Ціханоўская: «Чацвёрты год Эдуард Бабарыка сустракае дзень нараджэння за кратамі – ва ўмовах, якія неймаверныя ў сучасным свеце. Замест абдымкаў блізкіх – халодная камера і немагчымасць убачыць сям’ю. Замест цеплыні і клопату – забарона на ліставанне і медычную дапамогу. Замест падарункаў і пажаданняў – ізаляцыя і адсутнасць юрыдычнай абароны. Гэта не проста боль асобна ўзятага чалавека. Гэта рэальнасць для сотняў палітвязняў, якіх наўмысна і цынічна забівае рэжым Лукашэнкі.
Дзень нараджэння за кратамі – жорсткі напамін пра кошт, які людзі плацяць за імкненне да свабоднай Беларусі. Кажучы сёння пра Эдуарда, я кажу пра ўсіх нашых палітвязняў. Пішыце ім лісты, падтрымлівайце іх сем’і, дзяліцеся іх гісторыямі і расказвайце праўду пра тое, што адбываецца.
Мы працягнем барацьбу за кожнага палітвязня. Разам з палітыкамі – яны кожны дзень будуць узнімаць гэтую праблему на міжнароднай арэне і заклікаць да дзеяння. Разам з медыя – яны раскажуць пра лёсы людзей і не дазволяць затрыманням з прысудамі стаць нечым штодзённым. Рука аб руку з беларусамі – яны паклапоцяцца аб сем’ях і блізкіх палітвязняў.
Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць так, каб дні нараджэння былі нагодай выключна для радасці, а слова «палітвязень» – назаўжды засталося ў мінулым».