ГАДАВІНА ЗАТРЫМАННЯ ЦІХАНОЎСКАГА. 29 траўня, у гадавіну затрымання Сяргея Ціханоўскага, Святлана Ціханоўская запісала відэа: «Я мару вярнуцца дадому і жыць з Сяргеем і дзецьмі ў свабоднай Беларусі».
Да гадавіны затрымання Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцця» падрыхтавала ролік, у якім яго родныя, сябры і калегі чытаюць яго вершы. Верш пад назвай «Жене» чытае Святлана Ціханоўская.
УДЗЕЛ У ФОРУМЕ GLOBSEC. 29-30 траўня Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Браціславе, дзе выступіла на міжнародным форуме па бяспецы GLOBSEC. Падчас візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Славакіі, міністрам замежных справаў Славакіі, міністрам замежных справаў Паўночнай Македоніі.
ІМПРЭЗА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. 14 чэрвеня ў Варшаве адбудзецца адкрытая імпрэза, якую арганізоўваюць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная рада, Беларускі Моладзевы Хаб. Імпрэза «Яднайся!» – гэта такое месца, дзе вы зможаце пазнаёміцца адно з адным і знайсці аднадумцаў. Тут вы зможаце расказаць свае ідэі, даведацца пра праекты і ініцыятывы, а таксама паслухаць беларускую музыку. Больш інфармацыі на сайце jadnajsia.org. Калі ў вас ёсць нейкія пытанні – пішыце іх у @AskOffice_Bot.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ АБАРОНЫ ДЗЯЦЕЙ. 1 чэрвеня, у міжнародны дзень абароны дзяцей, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «У нашых дзяцей павінна быць сапраўднае дзяцінства. Такое, дзе зброю яны калі і ўбачаць, то толькі ў кампутарнай гульні – а не таму што сілавікі зноў прынеслі паказаць ім аўтаматы і пісталеты. Дзе ў дзіцячых садках яны лепяць з пластыліну або малююць, а не носяць лялек на насілках, імітуючы ваенныя дзеянні. Дзе ў школах нашыя дзеці вучацца на ўроках матэматыкі ці літаратуры, а не глядзяць ролікі з прапагандысцкіх каналаў».
ВІЗІТ У КРАКАЎ. 3-4 чэрвеня праходзяць мерапрыемствы «Культура ў эміграцыі», прысвечаныя падтрымцы і салідарнасці з беларускімі творцамі. 4 чэрвеня Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на тэму «Перспектывы вольнай Беларусі», таксама яна наведала Нацыянальны музей у Кракаве і знакаміты Марыяцкі касцёл.
АДУКАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ. Нядаўна для выпускнікоў школаў прайшлі цэнтралізаваныя іспыты, але РІКВ нават не змог правільна падлічыць балы школьнікаў. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Зноў абсалютна відавочная памылка, але чыноўнікі не проста не ідуць насустрач людзям, а спрабуюць упэўніць, што памыляюцца менавіта людзі. Гэта адбываецца таму, што ніводная ўстанова не падсправаздачная грамадству. Любому чыноўніку важна адправіць справаздачу наверх і абараніць сябе, а не грамадзяніна і ягоныя правы».
БЕЛАРУСЬ-ГЕРМАНІЯ. Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе дэпутата Бундэстага Робіна Вагенэра. Бакі абмяркоўвалі працяг супрацы з парламенцкай супольнасцю Германіі і Еўропы.
ЭКСПЕРТНЫЯ ДЫСКУСІІ. 8 чэрвеня Офіс Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі арганізоўваюць экспертную дыскусію на тэму: Устойлівыя аўтакратыі: што мы можам даведацца пра іх паражэнне? Каб прыняць удзел у дыскусіі, трэба зарэгістравацца па спасылцы. Аналітычныя брыфы па выніках папярэдніх вэбінараў вы можаце прачытаць тут.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю The Times (Вялікабрытанія), БелСАТ (Беларусь), Rzeczpospolita (Польшча), Euronews (Міжнароднае).