«Бацькі з Беларусі скардзяцца на тое, у што зараз ператварылася адукацыя ў нашай краіне. Дзіцячыя садкі, школы і ўніверсітэты больш не належаць дзецям, прапаганда выкарыстоўвае іх у сваіх мэтах. Ідэолагі лезуць у галовы да дзяцей, нават да зусім малых. І ў іх няма задачы навучыць дзяцей нечаму важнаму, іх мэта – прывіць любоў да войска, вайны, гвалту і асабіста Лукашэнкі.
Але ў нашых дзяцей павінна быць сапраўднае дзяцінства. Такое, дзе яны бегаюць адно з адным у дварах, а не на ўроках вайскоўцаў. Дзе зброю яны калі і ўбачаць, то толькі ў кампутарнай гульні – а не таму што сілавікі зноў прынеслі паказаць ім аўтаматы і пісталеты. Дзе ў дзіцячых садках яны лепяць з пластыліну або малююць, а не носяць лялек на насілках, імітуючы ваенныя дзеянні. Дзе ў школах нашыя дзеці вучацца на ўроках матэматыкі ці літаратуры, а не глядзяць ролікі з прапагандысцкіх каналаў».