29-30 траўня Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Браціславе, дзе выступіць на міжнародным форуме па бяспецы GLOBSEC. У форуме таксама бяруць удзел прэзідэнт Францыі, прэзідэнтка Еўракамісіі, прэзідэнтка Еўрапарламента, віцэ-прэм’ерка Украіны, прэм’ерка Літвы і іншыя міжнародныя лідары.
У пачатку візіту беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнткай Славакіі Зузанай Чапутавай. Яны абмяркоўвалі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і неабходнасць скаардынаванай стратэгіі Еўрасаюза. Таксама гаварылі пра прыцягненне рэжыму да адказнасці за незаконны вываз украінскіх дзяцей і хвалю рэпрэсіяў супраць беларусаў. Ціханоўская падкрэсліла, што вельмі важна дапамагаць беларускім медыя і грамадзянскай супольнасці, надаваць увагу сітуацыі з палітвязнямі і прыкладаць намаганні па іх вызваленні.
«Мы абгаварылі асноўныя пытанні. Нам вельмі важна, каб Славакія займала цвёрдую пазіцыю па Беларусі. З аднаго боку – каб працягваўся ціск і міжнародная ізаляцыя Лукашэнкі, з іншага боку – падтрымка беларусаў, якія змагаюцца за свабоду. Я ўдзячная Славакіі за прынцыповую і паслядоўную палітыку па Беларусі», – пркаментавала пасля сустрэчы Святлана Ціханоўская.