У сваім выступе Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць да рашучасці ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў, падтрымкі Беларусі і Украіны. Яна адзначыла, што Украіна не толькі ваюе за сваю тэрыторыю, але за каштоўнасці, якія падзяляюць усе дэмакратычныя краіны.
Паводле яе словаў, вельмі важна рыхтавацца да новага вакна магчымасцяў, калі яно адкрыецца. Поспехі Украіны аслабяць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, а гэта значыць і даюць шанец на перамены для беларусаў. Міжнародная супольнасць павінна мець стратэгію па Беларусі, каб выцягнуць Беларусь з залежнасці ад Крамля, і дапамагчы дэмакратычным сілам павярнуць краіну да дэмакратыі. Ціханоўская заклікала не пакідаць Беларусь на потым.
Ціханоўская адзначыла важнасць падтрымкі незалежных медыяў, адкрыцця беларускіх службаў Бі-Бі-Сі, Deautsche Welle, іншых вяшчальнікаў. Адзначыла важнасць працы Радыё Свабода ў Беларусі. Паводле яе словаў, незалежныя медыі дапамагаюць беларусам унутры краіны даведацца праўду, нягледзячы на спробы рэжыму ізаляваць грамадства.
Яна расказала пра неабходнасць супрацы з буйнымі тэхналагічнымі кампаніямі і адзначыла пазітыўны досвед супрацы з Google, які дапамагае незалежным медыям, а таксама спрыяе выяўленню прапаганды і дэзінфармацыі. Паводле яе словаў, каб дагрукацца да беларусаў, трэба выкарыстоўваць усе платформы і сацыяльныя сеткі.