• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • 30 мільёнаў падтрымкі для рэпрэсаваных, студэнтаў, медыя і культуры, запуск Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 11-17 снежня 2023

    17 снежня, 2023

    СТРАТЭГІЯ ПЕРАХОДУ ДА НОВАЙ БЕЛАРУСІ. 13 снежня прадстаўнікі палітычных структураў, арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і аналітычных цэнтраў вынеслі на грамадскае абмеркаванне распрацаваную імі Стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Яна прапаноўвае 4 сцэнары транзіту ўлады і магчымыя дзеянні дэмакратычных сілаў і міжнароднай супольнасці. Ёсць некалькі прычын, чаму Стратэгія важная ўжо цяпер, а не толькі ў будучыні. Яе асноўная мэта – транзіт улады і ўсталяванне ў Беларусі дэмакратычнай сістэмы, у якой немагчымае з’яўленне новай дыктатуры. Азнаёміцца ​​з тэкстам дакумента можна па спасылцы, а задаць пытанні, пакінуць прапановы і каментары – з дапамогай @AskOffice_Bot і платформы Новая Беларусь.

    БЕЛАРУСЬ-ЕС. 10 снежня ў Бруселю Святлана Ціханоўская сустрэлася з Вярхоўным прадстаўніком Еўрапейскага Саюза па замежных справах Жазэпам Барэлем, на якой было абвешчана аб дадатковай падтрымцы для беларусаў: «Я ведаю, дарагая Святлана, што гэта кропля ў акіяне патрэбаў, але мы робім усё магчымае, каб падтрымаць вас». 30 мільёнаў еўра пойдуць на стыпендыі для студэнтаў, рэпрэсаваных, працу праваабаронцаў, падтрымку рэпрэсаванага бізнесу, працы журналістаў, НДА. 5 мільёнаў еўра выдзелена на праекты развіцця беларускай культуры.

    Таксама беларуская лідарка выступіла перад міністрамі замежных справаў краінаў ЕС і абазначыла стратэгічныя прыярытэты для Беларусі, заклікала прызначыць спецпасланніка, падтрымаць грамадзянскую супольнасць, прыкласці намаганні для вызвалення палітвязняў. 

    12 снежня ў Бруселю прайшло пасяджэнне Кансультатыўнай групы «ЕС-Беларусь», падчас якога нашу краіну прадстаўлялі Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, штаб Віктара Бабарыкі, беларускі Прэс-клуб, моладзевы савет РАДА і беларускія праваабаронцы. Дыялог з дэмакратычнымі сіламі вялі прадстаўнікі Еўракамісіі, Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, Аддзела стратэгічных камунікацый Еўрасаюза. Абмеркавалі некалькі тэмаў: 1) абарона незалежнасці Беларусі 2) падтрымка беларусаў у выгнанні, візы і легалізацыю 3) падтрымку грамадзянскай супольнасці 4) шляхі вызвалення палітвязняў 5) санкцыі і прыцягненне рэжыму да адказнасці. Дамовіліся на працяг працы ў межах працоўных групаў. На пасяджэнні беларуская лідарка заклікала ўдзельнікаў падтрымаць еўрапейскія памкненні беларусаў і рыхтаваць супольнае Пагадненне з Еўрасаюзам, каб абазначыць еўрапейскую будучыню Беларусі.  

    БЕЛАРУСЬ-ШВЕЦЫЯ. У Бруселю Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Швецыі Тобіасам Більстрамам і спецпасланніцай Швецыі па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Крысцінай Юханесан. Абмеркавалі план на 2024 год: шэраг сумесных мерапрыемстваў, праграмы падтрымкі беларускай культуры і правядзенне беларуска-шведскай Канферэнцыі.

    ВІЗІТ У БЕЛЬГІЮ. Падчас візіту ў Бельгію беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнткай Сенату Бельгіі. Палітыкі абмеркавалі міжпарламенцкае супрацоўніцтва ў Міжнародным парламенцкім саюзе, а таксама магчымасць прыняцця рэзалюцыі па Беларусі ў Сенаце Бельгіі. Таксама беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнтам Фландрыі Янам Ямбонам – яны гаварылі пра магчымасць удзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ў Канферэнцыі міністраў культуры краінаў ЕС, каб узняць тэму падтрымкі беларускай ідэнтычнасці. 

    РАДА ЕЎРОПЫ. У Страсбургу прайшла сустрэча Кантактнай групы па Беларусі, у межах якой дамовілася пра навучанне беларускіх юрыстаў стандартам Рады Еўропы, якое будзе ўключаць у сябе семінары, адукацыйныя кампаній і майстар-класы. Таксама дамовіліся пра распрацоўку цыкла семінараў і канферэнцыяў па пашырэнні ўдзелу моладзі ў дэмакратычным працэсе. 

    БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. 14 снежня Святлана Ціханоўская выступіла перад Камітэтам па замежных справах літоўскага Сейма ў межах слуханняў, ініцыяваных Офісам і прысвечаных прававому становішчу беларусаў у Літве. Беларуская лідарка заклікала літоўскі бок падоўжыць тэрмін дзеяння візаў і відаў на жыхарства ды ўстрымацца ад непрапарцыйных абмежаванняў па прыкмеце беларускай нацыянальнасці. «Не кладзіце нас у адзін кошык з расіянамі. Бо гэта менавіта тое, чаго хочуць дыктатары», – адзначыла Ціханоўская. Камітэт пагадзіўся падтрымаць прапанову аб падаўжэнні відаў на жыхарства да 3 гадоў, але рашэнне павінна прайсці праз Сейм.

    Пасля перамоваў з Камітэтам па замежных справах Святлана Ціханоўская выступіла перад прэсай. У інтэрв’ю лідарка падзякавала літоўскаму народу за падтрымку і адзначыла, што Літва з’яўляецца прыкладам прынцыповасці і паслядоўнасці ў змаганні за свабоду: «Для нас, беларусаў, Літва – больш, чым проста сусед. І больш, чым проста прытулак. Гэта маяк надзеі і прыклад прынцыповасці і паслядоўнасці ў барацьбе за свабоду. Мы змагаемся з адным і тым жа ворагам, імперскімі амбіцыямі Расіі, і за адну і тую ж будучыню – у рамках Еўрапейскага саюза. І падтрымка Літвы для нас вельмі важная».

    БЕЛАРУСЬ-ПОЛЬШЧА. 11 снежня беларуская лідарка павіншавала Дональда Туска з прызначэннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы: «Паважаны спадар Туск, віншую з абраннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы. Я ўдзячная вам за ўсю дапамогу, якую вы аказвалі Беларусі на працягу доўгіх гадоў. І спадзяюся на шчыльнае супрацоўніцтва, якое паскорыць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне». Таксама Ціханоўская накіравала віншаванне новаму міністру замежных справаў Польшчы Радаславу Сікорскаму.

    РЭЗАЛЮЦЫЯ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА. 6 снежня ў Еўрапарламенце прайшоў Міжпартыйны Форум «8+100», на якім сабраліся прадстаўнікі беларускіх і еўрапейскіх палітычных партыяў. У выніку Форуму Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі. Паводле рэзалюцыі, ад рэжыму патрабуецца неадкладна вызваліць Мікалая Статкевіча, ад якога няма звестак цягам 300 дзён, як і ўсіх іншых палітвязняў. У адпаведнасці з дакументам, для палітвязняў павінны правесці рэабілітацыю і выплаціць фінансавую кампенсацыю нанесенай шкоды.

    МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ СТУДЭНТАЎ. Напрыканцы працоўнага візіту ў Бельгію беларуская лідарка наведала Генцкі ўніверсітэт, дзе правяла сустрэчу з кіраўнікамі ўстановы, а таксама выступіла з лекцыяй. Падчас размовы з прарэктаркай і прафесарамі Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне адукацыйных праграмаў для беларускіх студэнтаў і прапанавала стварыць праграму іх падтрымкі. Таксама бакі абмеркавалі выдаткаванне стыпендыяў для беларускіх студэнтаў і даследнікаў.

    ПАДТРЫМКА ІНІЦЫЯТЫВАЎ. Святлана Ціханоўская асудзіла рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх аўтараў і іх твораў. Яна адзначыла: «У лістападзе рэжым прызнаў экстрэмісцкімі зборнікі твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яшчэ раней раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча выключылі са школьнай праграмы. Рэжым баіцца, што праз знаёмства з гэтымі творамі, дзеці, як і дарослыя, умацуюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і выпрацуюць імунітэт да прапаганды і фальшу рэжыму». Таксама лідарка падзялілася шэрагам пляцовак, дзе можна чытаць і нават слухаць творы беларускіх аўтараў, а таксама замежную літаратуру ў беларускім перакладзе.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Washington Post (ЗША, міжнароднае), CNN (ЗША, міжнароднае), Euronews (Міжнароднае), Еўрарадыё (Беларусь), Позiрк (Беларусь), The Moscow Times (Міжнароднае), Голос Америки (ЗША, міжнароднае), TVP World (Польшча), Голас Амерыкі (ЗША, руская служба). 

    Апошнія навіны