Святлана Ціханоўская: «Апошнім часам рэжым ледзьве не штомесяц ладзіць атакі на творы «нелаяльных» сучасных аўтараў і «нязручных» класікаў.
У лістападзе рэжым прызнаў экстрэмісцкімі зборнікі твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яшчэ раней раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча выключылі са школьнай праграмы. Кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, як і пісьменнікаў Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча ды іншых, канфіскуюць са школьных бібліятэк і прызнаюць экстрэмісцкімі. А спектакль па рамане «Былы сын» Сашы Філіпенкі забаранілі да паказу.
Рэжым баіцца, што праз знаёмства з гэтымі творамі, дзеці, як і дарослыя, умацуюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і выпрацуюць імунітэт да прапаганды і фальшу рэжыму.
Я задумалася: а што, на меркаванне ідэолагаў, павінны чытаць нашыя дзеці? Наўрад ці іх зацікавяць артыкулы прапагандыстаў ці проза Мікалая Чаргінца.
Наадварот, дзеці і падлеткі павінны чытаць літаратуру, якая падштурхоўвае іх да разважанняў, узбагачае кругагляд і абуджае гонар нашай культурай і гісторыяй.
Для гэтага беларусы стварылі мноства пляцовак, дзе можна чытаць і нават слухаць творы беларускіх аўтараў, а таксама замежную літаратуру ў беларускім перакладзе. Хачу параіць вам інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» і «Беларускую палічку», аўдыявыдавецтва «Кніжны воз», аўдыятэку ПЭН-цэнтра, а таксама праекты «Казкі дзеткам» і «Беларускія аўдыякнігі».
Чытайце беларускія творы самі і разам з дзецьмі! Бо гэта найлепшы спосаб не толькі добра пабавіць час, але і больш даведацца пра родную культуру».