Напрыканцы працоўнага візіту ў Бельгію беларуская лідарка наведала Генцкі ўніверсітэт, дзе правяла сустрэчу з кіраўнікамі ўстановы, а таксама выступіла з лекцыяй. Ва ўніверсітэце, які з’яўляецца Альма-матар для двух нобелеўскіх лаўрэатаў, навучаецца дзясятак беларусаў.
Падчас размовы з прарэктаркай Міке ван Херэвеге і іншымі прафесарамі, Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне адукацыйных праграмаў для беларускіх студэнтаў і прапанавала стварыць праграму іх падтрымкі. Таксама бакі абмеркавалі выдаткаванне стыпендыяў для беларускіх студэнтаў і даследнікаў.
Пасля Святлана Ціханоўская выступіла перад студэнтамі з лекцыяй і распавяла пра рэальнае становішча справаў у Беларусі і пра тое, як беларусы змагаюцца за свабоду. Яна заклікала слухачоў ніколі не звыкацца з несправядлівасцю і захоўваць сваю людскасць, а таксама падзявала прафесарцы Фабʼен Бассю, якая ў рамках курсу «Еўрапейская палітыка суседства» ўлучае тэму Беларусі ў парадак дня:
«За апошнія тры гады я засвоіла некалькі ўрокаў. Самы важны з іх – трываласць. Людзі часта рамантызуюць змаганне за свабоду. Але яна патрабуе шмат цярплівасці, шмат штодзённай працы, якая часам не такая захапляльная і не такая цікавая, як вы можаце сабе ўявіць. На жаль, людзі ўрэшце звыкаюцца да ўсяго. Яны звыкаюцца да несправядлівасці, тыраніі. Гэта апатыя – наш галоўны вораг. Таму што калі вам стане ўсё адно, вы зможаце выканаць кожны няпраўны загад. Менавіта так дыктатуры бураць чалавечыя душы. Мы павінны кожны дзень захоўваць нашу людскасць, нашу вартасць, нашу веру», – адзначыла ў прамове Ціханоўская.