«Паважаны Вярхоўны прадстаўнік Барэль,
Паважаныя міністры,
Для мяне вялікі гонар і прывілея выступаць перад вамі з нагоды 75-й гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
На прыкладзе Беларусі ясна бачна, як непавага да правоў чалавека прыводзіць да праблемаў бяспекі. Паважаны Жазэп, дзякуй вам, што паспрыялі правядзенню гэтай размовы, і вам, міністры, што сабраліся ў гэты нядзельны вечар.
Беларусы заўсёды будуць удзячныя вашым краінам за падтрымку нашых дэмакратычных памкненняў.
Наш народ, ваш непасрэдны сусед, перажывае цяжкае выпрабаванне. Палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі выйшаў за межы нацыянальных межаў і ўжо нанёс сур’ёзную шкоду бяспецы ўсяго рэгіёну.
З-за нелегітымных і незаконных дзеянняў Лукашэнкі нашыя незалежнасць і суверэнітэт знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай.
Аднак беларускае грамадства больш, чым калі-небудзь, упэўненае, што хоча жыць у сапраўды незалежнай краіне і пры дэмакратыі, быць надзейным партнёрам і часткай еўрапейскай сям’і.
Для дасягнення гэтай мэты нам трэба зрынуць дыктатуру. Трэба спыніць удзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны. Трэба аднавіць канстытуцыйны парадак і стварыць дэмакратычныя інстытуцыі.
На гэтым шляху мы пабудавалі шырокі і адзіны рух з агульнымі стратэгічнымі мэтамі. У супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі сіламі мы сфармавалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, такія як Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада.
Мы ўжо афармляем адносіны з нашымі бліжэйшымі партнёрамі фармальна. Я вітаю рашэнне Еўрапейскай службы знешніх сувязяў аб стварэнні Кансультатыўнай групы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. У аўторак група правядзе ўжо другую сваю сустрэчу.
Літаральна на мінулым тыдні сумесна з Дзярждэпартаментам мы запусцілі Стратэгічны дыялог Беларусь-ЗША. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што кааліцыя дзяржаваў за дэмакратычную і незалежную Беларусь застаецца адзінай і моцнай і працягвае расці.
Кантактная група ў Савеце Еўропы таксама даказвае сваю актуальнасць і паказвае станоўчыя вынікі. Я высока ацэньваю прыняцце Еўрапейскім парламентам рашучай рэзалюцыі па Беларусі і заклікаю дзяржавы-чальцы прытрымлівацца дакладных і важных палітычных рэкамендацый, якія прыводзяцца ў ёй.
Я ўдзячная дзяржавам, якія прызначылі спецпрадстаўнікоў для працы з дэмакратычнай Беларуссю: Эстоніі, Францыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Швецыі. Мы пачулі выразныя сігналы з Вашынгтона, што і там аналагічнае рашэнне будзе прынята хуткім часам.
Я таксама перакананая, што калі ЕС прызначыць спецыяльнага пасланніка па працы з дэмакратычнымі сіламі, гэта ўмацуе каардынацыю ўнутры ЕС і са знешнімі партнёрамі – ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і іншымі.
Трэба больш актыўных дзеянняў, накіраваных на захаванне нашай дзяржаўнасці і вызваленне нашага народу. Пасля 2020 года нашыя партнёры аб’ядналіся для вырашэння крызісу ў Беларусі. Сярод іншага іх палітыка ўключае непрызнанне рэжыму, яго дыпламатычную ізаляцыю, ціск, санкцыі, прыцягненне злачынцаў да адказнасці, падтрымку дэмакратычнага руху і дапамогу палітычным зняволеным. Але пакуль у гэтай палітыцы не хапае практычных вынікаў.
На жаль, шматлікія з гэтых мераў рэалізоўваліся паступова і павольна. Каб яны прыносілі вынік, патрэбныя стратэгія, мэтанакіраванасць і палітычная воля. Так, мы стварылі праблемы рэжыму. Але мы не стварылі дастатковага ціску, каб павысіць цану рэпрэсій ці вайны да непрымальнага ўзроўню.
Сёння я заклікаю ЕС распрацаваць стратэгію, каб спыніць удзел Беларусі ў вайне. З-за таго, што сітуацыя на полі бою зайшла ў тупік, трэба шукаць новыя рашэнні, каб аслабіць Расію і дапамагчы Украіне. Наш погляд на сітуацыю ясны: Лукашэнка – адзіны саюзнік Пуціна, але таксама і яго самае слабое звяно.
Беларусь можа стаць дэмакратычнай, і гэта было б наймацнейшым ударам па Расіі і дапамагло б Украіне перамагчы.
Мы назвалі крокі, якія дапамаглі б спыніць удзел Беларусі ў вайне. Калі мы ўсе разам будзем працаваць над іх рэалізацыяй, гэта можа дапамагчы пакласці канец дыктатуры, спыніць удзел Беларусі ў вайне, а таксама аслабіць нападкі Расіі на Захад.
Прашу ўнесці гэтую прапанову ў пратакол нашай сустрэчы. Прапаную зрабіць гэты пратакол планам нашых супольных дзеянняў. Мы гатовыя да пачатку асобных кансультацыяў па гэтай задачы.
Як толькі Беларусь стане свабоднай, мы зробім рашучы крок у нашым геапалітычным выбары. Беларусь выйдзе з падкантрольных Расіі палітычных і вайсковых саюзаў і будзе імкнуцца да сяброўства ў ЕС – пра гэта ўжо заявілі палітычныя сілы.
Мы ўсе можам дзейнічаць ужо сёння, каб ажыццявіць гэта. Буду рада, калі вы падтрымаеце еўрапейскія памкненні беларусаў. Я ўдзячная міністру Більстраму за тое, што ён ясна і публічна выклаў пазіцыю Швецыі – «Беларусь будзе ў ЕС». Або Вярхоўны прадстаўнік Барэль, які заявіў, што «будучыня Беларусі – у Еўропе».
З практычнага боку мы хацелі б пачаць распрацоўку Пагаднення аб асацыяцыі, каб да таго часу, калі яго зможа падпісаць законны ўрад Беларусі, яно ўжо было гатовае. Людзі хочуць бачыць надзейную альтэрнатыву тупіковым палітыкам рэжыму.
Я прашу вас падтрымаць інстытуты ЕС у прадастаўленні тэхнічнай дапамогі для вырашэння гэтай задачы.
Тым часам нам трэба паклапаціцца аб нашым народзе. Дзясяткі тысячаў беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў. У нашай дапамозе маюць патрэбу тысячы палітычных зняволеных і іх сем’і. Штодзень затрымліваюць да 20 чалавек. Іх катуюць і трымаюць без сувязі з навакольным светам. З сакавіка я нічога не чула аб сваім мужы. Ходзяць чуткі, што палітыка Мікалая Статкевіча няма ў жывых. Вызваленне палітычных зняволеных павінна быць нашым абсалютным прыярытэтам.
Прашу вас аказаць максімальны ціск на рэжым, запатрабаваць іх вызвалення і дапамагчы ім з рэабілітацыяй.
Сотням тысячаў беларусаў у выгнанні, якім і так цяжка, патрэбная дапамога з легалізацыяй. Я заклікаю дзяржавы-чальцы спрасціць міграцыйныя працэдуры для беларусаў.
Гэтай восенню Лукашэнка пачаў рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой. Рэжым забараніў беларускім консульствам за мяжой прадаўжаць пашпарты і дакументы. Так ён зрабіў адну з асноўных функцый дзяржавы чарговым інструментам прыгнёту.
Мы атрымалі шмат просьбаў і таму плануем пачаць выдаваць новы беларускі нацыянальны пашпарт. Гэта пазбавіць Лукашэнку магчымасці кантраляваць жыццё людзей, нават калі яны пражываюць у свабодных краінах. Гэта ўзмоцніць суб’ектнасць беларусаў, дзе б мы ні знаходзіліся. Я прашу ЕС падтрымаць наш праект і паказаць прыклад падтрымкі пазітыўнага парадку дня і практычнага рэагавання на незаконныя і амаральныя дзеянні дыктатара.
Санкцыі пакуль не змянілі паводзіны рэжыму. Але яны могуць адыграць важную ролю ў аслабленні яго здольнасці праводзіць рэпрэсіі і дапамагаць расіянам у вайне. Адзін са спосабаў – закрыць шчыліны, якія дазваляюць Лукашэнку і Пуціну дапамагаць адзін аднаму абыходзіць санкцыі. Я заклікаю ЕС прыняць новы пакет санкцыяў і закрыць існуючыя шчыліны. У санкцыях не павінна быць адступленняў.
Нельга пакідаць рэжым беспакараным: не толькі за злачынствы супраць беларусаў, але і за выкраданне ўкраінскіх дзяцей. Міжнародныя механізмы прыцягнення да адказнасці, якіх баяцца Лукашэнка і ягоныя паплечнікі, дагэтуль не выкарыстоўваюцца. Хаця доказаў яго злачынстваў хапае. Нам патрэбна палітычная воля дзяржаў, каб зрабіць наступны крок – у МКС, МС, у рамках спецыяльнага трыбунала або справаў універсальнай юрысдыкцыі.
Таму я прапаную стварыць сумесную кантактную групу для распрацоўкі стратэгіі па прыцягненню вінаватых да адказнасці за злачынствы – і пачаць яе рэалізацыю.
Вельмі важна падтрымліваць дэмакратычныя сілы – умацоўваць нашую суб’ектнасць, каб мы маглі прыносіць карысць беларусам. Пакуль расійская падтрымка рэжыму Лукашэнкі вылічаецца мільярдамі, дэмакратычнай Беларусі выдзяляецца дапамогі дастаткова толькі для падтрымання руху – але не для перамогі.
Рэжым Лукашэнкі часта спрабуе падмануць дэмакратычныя краіны. Чарговы раз там прапануюць Захаду дыялог, пры гэтым не спыняюць саджаць людзей у турмы. Нядаўна Лукашэнка здзейсніў яшчэ адну атаку на членаў сем’яў палітыкаў і актывістаў: прайшлі ператрусы сотняў дамоў і арышты маёмасці. І гэта паказвае яго сапраўдныя намеры.
Так званыя выбары ў Беларусі ў 2024 годзе паспрабуюць уявіць як крок наперад. Але гэта не выбары. Гэта імітацыя і фарс. Яны нават блізка не адпавядаюць вызначэнню выбараў. Гэта незаконна. Гэта падман. Я заклікаю ЕС загадзя заявіць аб сваёй пазіцыі: у Беларусі няма базавых умоваў для правядзення сумленных выбараў. Гэта стане ўрокам рэжыму перад прэзідэнцкай кампаніяй 2025 года.
Паважаныя міністры,
Шлях да свабоды і дэмакратыі доўгі і цяжкі. Але мы аднойчы выбралі гэты шлях і павінны прытрымлівацца выбранага курсу, якім бы цяжкім ён ні быў.
Я прашу ЕС і дзяржавы-чальцы працягваць падтрымліваць нас на нашым шляху да свабоднай і незалежнай еўрапейскай Беларусі.
Дзякуй за ўвагу».