Сёння ў Бруселю праходзіць другое пасяджэнне Кансультатыўнай групы «Беларусь-Еўрасаюз». Беларусь прадстаўляюць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, штаб Віктара Бабарыкі, беларускі Прэс-клуб, моладзевы савет РАДА і беларускія праваабаронцы. Дыялог з дэмакратычнымі сіламі вядуць прадстаўнікі Еўракамісіі, Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, Аддзела стратэгічных камунікацый Еўрасаюза.
Беларуская лідарка заклікала ўдзельнікаў падтрымаць еўрапейскія памкненні беларусаў:
«Я разумею, што яшчэ рана казаць аб уступленні Беларусі ў ЕС. Але ўжо можна рыхтаваць Пагадненне аб асацыяцыі, якое ў будучыні зможа падпісаць легітымны ўрад Беларусі. Прапаную ўключыць падтрымку еўрапейскага выбару Беларусі ў студзеньскія Заключэнні Савета».
Асобна Ціханоўская ўзняла праблему мабільнасці беларусаў:
«Рэжым спрабуе пазбавіць людзей пашпартоў і дакументаў, зрабіць іх дэ-факта асобамі без грамадзянства. Нам неабходна комплекснае вырашэнне пытання. Гэта не толькі візы, але і віды на жыхарства, пашпарты замежніка, спрашчэнне легалізацыі для беларусаў».
На парадку дня – абмеркаванне шляхоў да вызвалення палітвязняў і падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Будуць разглядацца пытанні легалізацыі беларусаў за мяжой, а таксама механізмы прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму.