10 сакавіка ў Таліне пройдзе экспертная дыскусія «Усходні шчыт: як умацаваць еўрапейскую бяспеку ад Вялікабрытаніі да беларуска-балтыйскай лініі».
Мерапрыемства арганізуе Прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі ў Эстоніі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных справаў Эстоніі.
Дыскусія будзе прысвечана пытанням бяспекі ўсходняга флангу Еўропы — ад Украіны праз Беларусь да краінаў Балтыі. Удзельнікі і ўдзельніцы абмяркуюць, як умацаваць сістэму стрымлівання ў рэгіёне, якія ўрокі можна вынесці з вайны Расіі супраць Украіны, а таксама якія рызыкі для рэгіянальнай бяспекі стварае выкарыстанне Беларусі як стратэгічнай пляцоўкі для ціску.
У дыскусіі возьмуць удзел:
- Сэр Ліам Фокс, былы міністр абароны і міжнароднага гандлю Вялікабрытаніі;
- Ёнатан Всевіаў, генеральны сакратар Міністэрства замежных справаў Эстоніі;
- Уладзімір Баечка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны;
- Дзяніс Кучынскі, дыпламатычны дарадца нацыянальнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай.
Мадэратарам дыскусіі выступіць кіраўнік віленскага офіса Freedom House Віціс Юрконіс.
Перад панэльнай дыскусіяй эксперты ініцыятывы BelPol правядуць аналітычны брыфінг, прысвечаны мілітарызацыі Беларусі, уплыву санкцый на рэжым Лукашэнкі, а таксама бягучай палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Мерапрыемства пройдзе ў Прадстаўніцтве дэмакратычных сілаў Беларусі ў Таліне. На ім будуць прысутнічаць прадстаўнікі(-цы) дыпламатычнага корпусу, міжнародных арганізацыяў, эксперты(-кі) і даследчыкі(-цы) у сферы бяспекі.
