ПАРЛАМЕНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ АБСЕ
19 лютага ў межах зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене адбыўся сайд-івэнт «Беларусь і Парламенцкая асамблея АБСЕ: круглы стол пра шлях да дэмакратыі і гуманітарныя прыярытэты». Святлана Ціханоўская ў сваім выступе адзначыла, што сёння ў Асамблеі няма легітымнай беларускай дэлегацыі, але беларускі народ заслугоўвае, каб ягоны голас быў пачуты. Яна падзякавала Швецыі, Нарвегіі і Літве за прынцыповую падтрымку беларусаў, у тым ліку за стварэнне ў Нарвегіі парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» і запуск Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітвязням.
– Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі цяпер афіцыйна ўдзельнічаюць у сесіях Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
– Створаная група «За дэмакратычную Беларусь», якая дапаможа захоўваць беларускае пытанне ў Асамблеі.
– Абмеркавалі пытанні палітвязняў, санкцыяў і ўмацавання інфраструктуры дэмакратычных сілаў.
– Дзясяткі сустрэчаў у кулуарах далі магчымасць працягнуць міжнародную працу і наладзіць кантакты з парламентарыямі.
20 лютага беларуская лідарка выступіла з прамовай на супольным пленарным пасяджэнні трох асноўных камітэтаў АБСЕ.
У сваёй прамове Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на падтрымцы Украіны і неабходнасці спыніць расійскую агрэсію. Таксама яна заклікала Парламенцкую асамблею АБСЕ і краіны-ўдзельніцы не зніжаць увагу да Беларусі: трымаць ціск на рэжым і рыхтавацца да моманту, калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў для пераменаў.
Падчас візіту ў Вену Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнткай Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Петрай Баер. Бакі абмеркавалі ўдзел беларускай дэлегацыі, сфармаванай Каардынацыйнай Радай, у пасяджэннях ПАРЕ, працу ў камітэтах, а таксама падрыхтоўку да наступных сесіяў Асамблеі і магчымасць узняць на іх беларускае пытанне.
Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэлася са спікерам Вярхоўнай Рады Украіны Русланам Стэфанчуком. Ціханоўская прывітала спікера ўкраінскага парламента і выказала падтрымку Украіне ад імя беларусаў, падкрэсліўшы салідарнасць у барацьбе за свабоду супраць агульнага ворага.
САМІТ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА І ДЭМАКРАТЫІ
17 лютага, падчас працоўнага візіту ў Жэневу, Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у першай сесіі Саміту па правах чалавека і дэмакратыі і выступіла з прамовай. Разам з беларускай лідаркай удзел узялі выканаўчая дырэктарка United Nations Watch Хілель Нойер, амбасадар Канады пры ААН у Жэневе Пітэр Макдугал, баранэса Сал Брынтан, а таксама праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты з розных краінаў. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская зрабіла акцэнт на тым, што адбываецца з беларусамі сёння — у турмах, у эміграцыі, у штодзённым жыцці, дзе рэпрэсіі даўно выйшлі за межы судоў і калоніяў.
Падчас саміту Ціханоўская таксама выступіла з ключавой прамовай на панэлі «Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі». У сваім выступе Святлана Ціханоўская распавяла пра становішча палітвязняў у краіне, падкрэсліла негатыўнае стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне і нагадала пра неабходнасць адрозніваць рэжым ад беларусаў.
18 лютага ў Жэневе адбыўся брыфінг для амбасадараў пры Радзе ААН па правах чалавека, які Святлана Ціханоўская правяла для дэлегацыяў краінаў Еўрапейскага Саюза. Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская прадставіла актуальную ацэнку сітуацыі ў Беларусі і заклікала да ўзмацнення міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, захавання і ўзмацнення еўрапейскіх санкцыяў, падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў, а таксама да развіцця механізмаў прыцягнення вінаватых да адказнасці праз міжнародныя судовыя інстанцыі.
ВІЗІТ У БЕРЛІН
16 лютага Святлана Ціханоўская далучылася да Сусветнага форуму па дэмакратыі, тэхналогіях і будучыні чалавецтва ў Берліне. Там беларуская лідарка прыняла ўдзел у міжнародным воркшопе «Women’s Progress Dialogue», які быў прысвечаны прасоўванню гендарнай роўнасці і падтрымцы жаночага палітычнага ўдзелу. Падчас сесіі Ціханоўская выступіла разам з вядомымі сусветнымі лідаркамі і праваабаронцамі.
Падчас візіту ў Берлін таксама адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай з удзелам дарадцаў Ціханоўскай Франака Вячоркі і Дзяніса Кучынскага. Цягам некалькіх гадзінаў сустрэчы абмеркавалі стратэгічныя прыярытэты, крокі па ўмацаванні дэмакратычных сілаў і ўзмацненні адзінства, паляпшэнні каардынацыі на міжнароднай арэне.
Акрамя гэтага, у Берліне Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са старшынёй камітэта па замежных справах Бундэстагу Армінам Лашэтам, прадстаўніком кіруючай партыі — Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС). Ціханоўская падзякавала Германіі і асабіста спадару Лашэту за падтрымку беларусаў, а таксама звярнула ўвагу на неабходнасць далейшай падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і культурніцкіх праектаў. Бакі абмеркавалі працу групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу, правядзенне супольных мерапрыемстваў з удзелам «хросных» парламентараў, а таксама ініцыятыву правядзення Кангрэсу хросных.
ПАСЯДЖЭННЕ ГРУПЫ «ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ»
17 лютага адбылося пасяджэнне дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь». З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі, дарадцы Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і па пытаннях экалогіі Анатоль Лябедзька і Дзмітрый Кучук, а таксама лідары і прадстаўнікі 6 палітычных і 7 грамадскіх беларускіх арганізацыяў, зарэгістраваных у Літве. Галоўная задача — гэта агучыць ідэі і прапановы для планавання працы групы на бягучы 2026 год.
СУСТРЭЧА З МІНІСТРАМ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛІТВЫ КЯСТУЦІСАМ БУДРЫСАМ
17 лютага дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай і дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі прыняў удзел у сустрэчы міністра замежных справаў Літвы Кястуціса Будрыса з кіраўнікамі дыпламатычных місіяў замежных дзяржаваў, акрэдытаваных у Літве. На традыцыйнай штогадовай сустрэчы былі прадстаўленыя прыярытэты знешняй палітыкі Літвы, разгледжана сітуацыя ў рэгіёне Балтыйскага мора, Еўропе і свеце.
ПЕРШАЕ АДКРЫТАЕ ПАСЯДЖЭННЕ ВЫБАРЧАЙ КАМІСІІ КР
17 лютага адбылося першае адкрытае пасяджэнне Выбарчай камісіі КР. Старшынёй Выбарчай камісіі была абраная Алена Прыходзька. Падчас мерапрыемства былі акрэсленыя асноўныя палажэнні па выбарах.
Галасаванне ў КР запланавана на 11–17 мая 2026 года. Абвяшчэнне вынікаў адбудзецца 21–23 мая 2026 года. Запіс трансляцыі пасяджэння даступны на YouTube-канале КР.
МЕРАПРЫЕМСТВА З НАГОДЫ ДНЯ АДНАЎЛЕННЯ ЛІТОЎСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ
16 лютага ў Літве адзначаецца Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы. У гэты дзень у 1918 годзе быў падпісаны Акт аб незалежнасці Літвы. З нагоды свята дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька прыняў удзел у афіцыйных мерапрыемствах у Вільні. Ён адзначыў, што для беларусаў важна быць побач з Літвой у такія сімвалічныя даты і падзяляць каштоўнасці свабоды, дзяржаўнасці і еўрапейскай будучыні.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
21 лютага свет адзначае Дзень роднай мовы. На жаль, сёння беларуская мова — адзін з рэдкіх выпадкаў, калі пад пагрозай апынаецца мова тытульнай нацыі незалежнай дзяржавы. Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч паразважаў пра гісторыю і стан беларускай мовы цяпер.
Акрамя гэтага, з нагоды свята публічныя прадстаўнікі Офіса далучыліся да трэнду «Беларусы не говорят… Беларусы кажуць…».
КАМЕНТАР З НАГОДЫ ЎВЕДЗЕНЫХ УКРАІНАЙ САНКЦЫЙ СУПРАЦЬ ЛУКАШЭНКІ
18 лютага Святлана Ціханоўская дала каментар пра ўведзеныя Украінай санкцыі супраць Лукашэнкі: «Гэта правільнае і своечасовае рашэнне Украіны. І я дзякую прэзідэнту Зяленскаму за прынцыповую пазіцыю. Лукашэнка не з’яўляецца легітымным кіраўніком: ён незаконна захапіў уладу і служыць інтарэсам Расіі, а не беларускаму народу. Вайна павінна быць спыненая, а мір і справядлівасць — адноўленыя».
КАМЕНТАР ПРА ВЫЗВАЛЕННЕ МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА
19 лютага Святлана Ціханоўская дала каментар пра навіны аб вызваленні Мікалая Статкевіча: «Я адчуваю вялікую палёгку ад таго, што Мікалай Статкевіч нарэшце на волі і дома. Я шчыра зычу яму сіл, здароўя і як мага хутчэй аднавіцца пасля перанесенага інсульту».
КАМЕНТАР ПРА СТВАРЭННЕ «БЕЛАРУСКАГА ГАРВАРДУ»
У Мінску абвясцілі стварэнне «перадавога адукацыйнага цэнтра для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў і выканання навуковых даследаванняў па перспектыўных кірунках эканомікі», які раней анансавалі як «Беларускі Гарвард».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў адкрыццё цэнтра: «Ідэя добрая, бо азначае крок да рэфармавання сістэмы адукацыі і навукі. Але што ж падштурхнула рэжым да такіх, амаль што «рэвалюцыйных» захадаў? Прычыны дзве. Па-першае, відавочнае тэхналагічнае адставанне краіны. Па-другое, катастрафічнае становішча з высокакваліфікаванымі кадрамі — і навукоўцаў, і, асабліва, выкладчыкаў ВНУ».
МЕДЫЯ
Euronews (Міжнароднае), Monocle (Міжнароднае), Rzeczpospolita (Польшча), The Telegraph (Міжнароднае), БелСАТ (Беларусь), POLITICO (Міжнароднае), POLITICO (Міжнароднае), POLITICO (Міжнароднае), POLITICO (Міжнароднае).
