• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • У Беларусі стварылі «Беларускі Гарвард». Навошта?

    19 лютага, 2026

    У Мінску абвясцілі стварэнне «перадавога адукацыйнага цэнтра для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў і выканання навуковых даследаванняў па перспектыўных кірунках эканомікі», які раней анансавалі як «Беларускі Гарвард». 

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў адкрыццё цэнтра:

    «Калі меркаваць па назве і тых падрабязнасцях, якія трапілі ў публічную прастору, у якасці ўзору — цэнтры або інстытуты перадавых даследаванняў (Centers or Institutions for Advanced Studies), якія існуюць пры многіх вядучых універсітэтах свету.

    Ідэя сама па сабе добрая, бо азначае крок да рэфармавання сістэмы адукацыі і навукі, пра што і думаць не дазвалялася на працягу дзесяцігоддзяў. Разам з тым, нельга сказаць, што яна занадта новая. Інстытут перадавых даследаванняў пры Прынстанскім універсітэце ў ЗША (узор для падобных устаноў ва ўсім свеце) пачаў сваю дзейнасць амаль сто гадоў таму — у пачатку 1930-ых. 

    Што ж падштурхнула рэжым да такіх, амаль што «рэвалюцыйных» захадаў? Прычыны дзве.

    Па-першае, відавочнае тэхналагічнае адставанне краіны.

    Па-другое, катастрафічнае становішча з высокакваліфікаванымі кадрамі — і навукоўцаў, і, асабліва, выкладчыкаў ВНУ. 

    Колькі б не засакрэчвалі статыстыку, звесткі аб іх у адкрыты доступ трапляюць. У 2025 г. доля ўніверсітэцкіх выкладчыкаў з навуковымі ступенямі склала ўсяго 40%. Пяць гадоў раней было 47,3%. Што гэта азначае? Вось што — абсалютная колькасць «асцепяненных» скарацілася на 2700 чалавек, або 28,5%. Гэта больш, чым увесь выкладчыцкі склад БДУ. Што стала прычынай? Іх некалькі: 

    І раней было вядома, што дацэнты з прафесарамі ў нас далёка не маладыя. Натуральны біялагічны працэс быў узмоцнены кавідам. Я асабіста ведаю шмат выпадкаў, калі выдатных спецыялістаў забіла злачынная дурасць стаўлення Лукашэнкі да пандэміі. Але галоўная прычына нават і не ў гэтым. Абвал колькасці — гэта наступства палітычных рэпрэсіяў, злачыннай дзейнасці так званых прарэктараў па бяспецы, звальняўшых «неблаганадзейных» цэлымі кафедрамі і лабараторыямі.

     Дзяржаўная праграма развіцця адукацыі абяцае давесці да 2030 г. долю «асцепяненных» да 45%. Але калі і ці будзе гэта ўвогуле? Вось вырашылі стварыць цэнтр.

    Што з гэтага атрымаецца? Можа нешта і атрымаецца, але дакладна, што гэта не будзе цэнтр перадавых даследаванняў. І вось — чаму. З усёй ідэі бярэцца толькі адзін падыход — сабраць у адным месцы лепшых спецыялістаў. У нашым выпадку — лепшых з тых, хто застаўся.

    Найлепшым навукоўцам у Прынстане стварылі ўмовы, каб яны займаліся перш за ўсё фундаментальнай навукай, вытворчасцю ведаў дзеля ведаў. Ані абавязковых заняткаў са студэнтамі, ані праектаў. Толькі навука. Ці здольны зразумець такое Лукашэнка?

    Лепшым у Прынстане прадставілі абсалютную акадэмічную свабоду — то бок магчымасць абсалютна самастойна вызначаць чым і як займацца. Ці магчыма гэта ў Беларусі, месца якой у Індэксе акадэмічнай свабоды — пятае з канца ў сусветным спісе, побач з Эрытрэяй і М’янмай?

    Вынік Прынстанскага інстытута — 34 Нобелеўскіх лаўрэата. Ці патрэбныя яны Лукашэнку? Можа спытаем пра гэта Беляцкага і Алексіевіч?

    Ды і ўвогуле, што яму трэба? Агучана, што цэнтр будзе займацца распрацоўкамі ў галіне авіябудавання, інфармацыйных і біятэхналогіяў.

    Авіябудаванне — гэта пра што? Абяцанне Турчына стварыць беларускі пасажырскі самалёт нагадвае абяцанкі стварыць вакцыну ад кавіду за пяць капеек. То-бок гаворка пра дроны. І не толькі. Не выпадкова на нарадзе так шмат часу было аддадзена іх абмеркаванню. І 152-мм снарадам. І сістэмам залпавага агню. І таму невыпадкова, што міністр адукацыі Іванец пазначыў усё гэта «інтэлектуальным спецназам».

    І апошняе. Гэта да бацькоў. Той самы Іванец заўважыў, што стварэнне Цэнтра дазволіць завяршыць адукацыйную вертыкаль падрыхтоўкі інжынерных кадраў: профільныя класы, дзіцячы тэхнапарк, профільныя ВНУ, ну і Цэнтр. Я вось да чаго. Сістэма пачула рэальную небяспеку. Ёй патрэбныя адораныя, каб выжыць. І яна гатовая на ўсе і мае безліч прыёмаў, каб пераўтварыць іх у асабістых прыгонных. Пасадзіць у клетку. Якая хай сябе і блішчыць, нібыта залатая. Так што падумайце добра, ці хацелі б вы такой будучыні для сваіх, адораных дзетак».

    Апошнія навіны