МЮНХЕНСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА БЯСПЕЦЫ
12–15 лютага Святлана Ціханоўская брала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Лідарка сустрэлася з Генеральнай сакратаркай Парламенцкай асамблеі НАТА Бенедэтай Берці, намеснікам Генеральнага сакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Борысам Руге, спецпрадстаўніцай ЕС па правах чалавека Кайсай Оллонгрен, членам парламента Вялікабрытаніі Томам Тугендхатам, міністрам замежных справаў Чэшскай Рэспублікі Пятром Мацынкам, з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. Таксама Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «Беларусь у цэнтры ўвагі», сайд-івэнце «Беларусь на восі CRINK і за яе межамі», дыскусіі з MSC Young Leaders, сайд-івэнце «Новая грамадская плошча — гэта экран», сустрэчы міжнароднай сеткі Women Political Leaders (WPL).
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ СУСТРЭЛАСЯ З ПРАДСТАЎНІКОМ BELPOL МАТВЕЕМ КУПРЭЙЧЫКАМ
10 лютага, у Варшаве Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прадстаўніком BELPOL Матвеем Купрэйчыкам. Асноўная мэта сустрэчы — сінхранізацыя працы па ключавых напрамках і каардынацыя сумесных праектаў.
Святлана Ціханоўская: «BELPOL застаецца вельмі важнай ініцыятывай для беларускага грамадства. Важна ўмацоўваць супрацоўніцтва і ўзгадняць далейшыя крокі, каб праца беларускай супольнасці за мяжой была яшчэ больш эфектыўнай і каардынаванай».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА БЕЛАРУСКУЮ КНІГАРНЮ «КНІГАЎКА»
10 лютага беларуская лідарка сустрэлася з выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Яна азнаёмілася з працай кнігарні і выдавецтва, якое друкуе кнігі толькі на беларускай мове. На сустрэчы абмеркавалі, як сёння працуе незалежнае беларускае выдавецтва ў эміграцыі, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца беларуская кніжная справа і якая падтрымка неабходная, каб беларускамоўныя кнігі і далей выходзілі і даходзілі да чытачоў.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА БЕЛАРУСКУЮ ШКОЛУ МАСТАЦТВАЎ ІМЯ МІКОЛЫ РАВЕНСКАГА
11 лютага Святлана Ціханоўская наведала Беларускую школу мастацтваў імя Міколы Равенскага ў Варшаве. Дырэктарка школы Галіна Казіміроўская правяла для Святланы экскурсію, пасля чаго адбылася сустрэча з калектывам, бацькамі і вучнямі. Падчас размовы абмеркавалі, як за чатыры гады школа значна вырасла, стала папулярнай і запатрабаванай у беларускай супольнасці, а таксама пытанне пашырэння прасторы, бо попыт на заняткі пастаянна расце.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ДАЛУЧЫЛАСЯ ДА ІНІЦЫЯТЫВЫ «НАПІШЫ ЛІСТ ПАЛІТВЯЗНЮ» Ў ВАРШАВЕ
11 лютага ў Варшаве Святлана Ціханоўская прыйшла на сустрэчу ініцыятывы «Напішы ліст палітвязню» і далучылася да падпісання паштовак і напісання лістоў для беларускіх палітвязняў у Беларускім моладзевым хабе.
Святлана Ціханоўская: «Я вельмі ўдзячная ўсім беларусам і беларускам, хто прыходзіць на гэтыя сустрэчы і піша лісты нашым палітвязням — для іх гэта сапраўды вельмі важна. Вы робіце гэта кожны тыдзень, і, здаецца, мяне ніколі не перастане здзіўляць моц нашай салідарнасці».
ПАСЯДЖЭННЕ ДЭПУТАЦКАЙ ГРУПЫ «ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ» У ВЯРХОЎНАЙ РАДЗЕ УКРАІНЫ
11 лютага ў Вярхоўнай Радзе Украіны адбылося пасяджэнне дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь», у якім узялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, прадстаўніца дэмакратычных сілаў Святлана Шаціліна і дырэктар праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў Яраслаў Чарнагор. Падчас пасяджэння Святлана Шаціліна прэзентавала «Місію дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне».
ДАРАДЦА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ ПА ПАРЛАМЕНЦКІМ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА СУСТРЭЎСЯ СА СПІКЕРАМ СЕЙМА ЛІТВЫ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька правёў працоўную сустрэчу са спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам і яго дарадцамі. Галоўны фокус сустрэчы — супрацоўніцтва Офіса Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў Беларусі з Сеймам Літвы.
МЕДЫЯ:
Еўрарадыё (Беларусь), Еўрарадыё (Беларусь), Еўрарадыё (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Kyiv Post (Украіна), РБК-Україна (Украіна), РБК-Україна (Украіна), РБК-Україна (Украіна).
