Падчас візіту беларуская лідарка сустрэлася з выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Яна азнаёмілася з працай кнігарні і выдавецтва, якое друкуе кнігі толькі на беларускай мове.
Выдавецтва Андрэя Янушкевіча — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў Мінску ў 2014 годзе і закрытае ўладамі на пачатку 2023-га. Пераломным момантам стала выданне ў 2019 годзе рамана «Гары Потэр і філасофскі камень», якое зрабіла выдавецтва масава пазнавальным і камерцыйна паспяховым. Сярод іншых бестселераў — серыя фэнтэзі «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага і раман «1984» Джорджа Оруэла, што выйшаў у жніўні 2020 года і імгненна стаў хітом.
Андрэй Янушкевіч адкрыў «Кнігаўку» яшчэ ў 2022 годзе ў Мінску. Але тады крама прапрацавала ўсяго адзін дзень: сілавікі прыйшлі туды з ператрусам, а Андрэя разам з супрацоўніцай крамы затрымалі. Пасля гэтага Янушкевіч працягнуў дзейнасць у Польшчы.
На сустрэчы абмеркавалі, як сёння працуе незалежнае беларускае выдавецтва ў эміграцыі, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца беларуская кніжная справа і якая падтрымка неабходная, каб беларускамоўныя кнігі і далей выходзілі і даходзілі да чытачоў.
Святлана Ціханоўская:
«Бачыць, як людзі вядуць штодзённую працу па захаванні беларускай мовы і культуры захапляе і натхняе. Віншую каманду выдавецтва «Янушкевіч» з 12-годдзем і кнігарню «Кнігаўка» з 3-годдзем у Варшаве! Цудоўна, як ваша крама стала культурніцкай прасторай, дзе адбываюцца сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі і дыскусіі, якія аб’ядноўваюць беларусаў і дапамагаюць нам заставацца супольнасцю нават далёка ад дому».
