14 лютага ў межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская далучылася да моладзевага сайд-івэнту пад назвай «Новая грамадская плошча — гэта экран: пераасэнсаванне дэмакратыі ў лічбавай сферы». Да сайд-івэнту далучылася каля 200 чалавек, сярод якіх студэнты, маладыя эксперты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, даследчыкі і журналісты. Мерапрыемства было арганізавана Мюнхенскай канферэнцыяй па бяспецы супольна з AmerikaHaus, Офісам Святланы Ціханоўскай і Junge DGAP — маладзёжнай сеткай Нямецкага таварыства знешняй палітыкі.
У дыскусіі разам са Святланай Ціханоўскай узялі ўдзел: выканаўчая дырэктарка і CEO The Reckoning Project Джанін ды Джавані, карэспандэнтка DW News Africa ва Усходняй Афрыцы Эдыт Кімані, паліталагіня і журналістка Кары Одэрман, старшая даследчыца Цэнтра геапалітыкі, геаэканомікі і тэхналогіяў DGAP Катя Муньёс, прадстаўніца Junge DGAP Наталія Валерыя Мюлер. Мадэрацыя панэлі адбывалася пры ўдзеле Наталіі Валерыі Мюлер і Аліны Харысавай.
Святлана Ціханоўская прысвяціла свой выступ ролі лічбавай прасторы як новай грамадскай плошчы, дзе сёння фарміруецца палітычная суб’ектнасць, салідарнасць і супраціў:
«Дарагія сябры,
Добрай раніцы.
Кажуць, што калі вы хочаце зразумець глабальную бяспеку, вам трэба прыехаць на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы.
А калі хочаце зразумець, што такое сапраўдная ўстойлівасць — паспрабуйце зрабіць гэта амаль без сну.
Вось у гэтым і ёсць дух Мюнхена: шмат крызісаў, мала сну і вельмі шчырыя размовы.
Учора са сцэны мы шмат чулі пра «новы сусветны парадак». Многія казалі, што стары ўжо разбураны, а новы яшчэ не пабудаваны.
Так, існуе рэальная рызыка, што свет, заснаваны на каштоўнасцях, можа аслабнуць або нават знікнуць.
Але, з іншага боку, у гэтым «новым адважным свеце» ў нас ёсць і шанец. Шанец аднавіць і ўмацаваць тое, што было знішчана. Нашыя свабоды і нашую бяспеку.
Прыклад Беларусі паказвае, наколькі цесна пераплятаюцца дэмакратыя і бяспека — і што адно не можа існаваць без другога. Дыктатура, якая не паважае ўласных грамадзянаў, становіцца пагрозай і для сваіх суседзяў.
Беларускі кейс таксама дэманструе сілу тэхналогіяў і медыя. Яны могуць служыць дабру і ўмацоўваць свабоду — аб’ядноўваць людзей, выкрываць праўду і падтрымліваць грамадзянскую актыўнасць.
Але ў руках дыктатараў гэтыя ж інструменты становяцца сродкамі маніпуляцыі, сачэння, цэнзуры і рэпрэсіяў.
Тое, што павінна надаваць грамадству сілу, можа быць ператворана ў зброю супраць яго.
І нарэшце, беларускі прыклад паказвае, наколькі крохкая дэмакратыя: яе так лёгка страціць і так цяжка вярнуць.
У Беларусі ўсё пачалося 30 гадоў таму, калі аднойчы газеты выйшлі з пустымі першымі палосамі — матэрыял пра карупцыю Лукашэнкі быў зацэнзураваны. Дыктатура пачалася з усталявання кантролю над медыя.
Дыктатар пабудаваў для грамадства паралельную рэальнасць — гуляючы на страхах, настальгіі і пустых абяцаннях.
Магчыма, нехта з вас бачыў нямецкі фільм «Good Bye, Lenin!» Ён вельмі добра паказвае, як працуе прапаганда: яна стварае «правільную» карціну свету, будуе ўтульныя ілюзіі і робіць людзей пасіўнымі.
Калі людзі вераць, што ўсё стабільна і пад кантролем, яны перастаюць задаваць пытанні. Яны перастаюць удзельнічаць.
Я, напрыклад, усё жыццё трымалася далей ад палітыкі. Я была проста хатняй гаспадыняй, маці дваіх дзяцей. Як і многім іншым, мне казалі, што палітыка — гэта небяспечна, што лепш не ўмешвацца, што ёсць «разумнейшыя людзі», якія лепш ведаюць. І многія з нас жылі ў такой ілюзіі.
Без сумневу, тэхналогіі змянілі ўсё. Часам мяне пытаюць: што зрабіла ваш рух магчымым?
«Дзякуй Богу за інтэрнэт», — адказваю я.
Інтэрнэт стаў бяспечнай прасторай для мільёнаў беларусаў. Месцам, дзе людзі маглі свабодна гаварыць, знаходзіць адно аднаго і арганізоўвацца.
Студэнты, прафесіяналы, ІТ-спецыялісты, лекары, рабочыя — людзі, якія раней ніколі не ўдзельнічалі ў палітыцы, — раптам атрымалі інструменты для злучэння.
ICQ і Skype, Bluetooth і 3G, Facebook і YouTube, Signal і Telegram, VPN і ChatGPT — гэта былі не проста тэхналогіі. Гэта былі каталізатары зменаў. Яны сталі нашымі інструментамі ў барацьбе супраць дыктатуры — інструментамі, якія рэжым не змог цалкам кантраляваць.
У 2020 годзе ўпершыню дзякуючы тэхналогіям нам удалося даказаць сваю перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Платформа «Голас» дапамагла арганізаваць паралельны падлік галасоў. Пасля гэтага мільёны людзей выйшлі на вуліцы.
Пратэсты каардынаваліся праз Telegram, і КДБ адчайна шукаў «арганізатараў». Але іх не было — усё было цалкам самаарганізавана.
Нават калі рэжым адключыў інтэрнэт падчас пратэстаў, людзі выкарыстоўвалі розныя інструменты для абмену інфармацыяй і каардынацыі.
Калі былі заблакаваныя буйныя медыя, з’явіліся так званыя «дваровыя чаты», якія аб’ядноўвалі суседзяў і дапамагалі арганізоўвацца на мясцовым узроўні.
Гэтыя чаты ўпершыню з’явіліся падчас пандэміі COVID-19, калі людзі падтрымлівалі адно аднаго, пакуль улады ігнаравалі крызіс.
Вядома, рэжым хутка адказаў: масавыя рэпрэсіі, прызнанне амаль усіх медыя «экстрэмісцкімі», забароны, тысячы арыштаў, многія былі вымушаныя з’ехаць.
Але нават у выгнанні незалежныя медыя аднавілі працу, а большасць іх аўдыторыі засталася ў Беларусі і атрымлівала доступ да кантэнту праз воблачныя сэрвісы і VPN.
TikTok стаў яшчэ адным адкрыццём і магутным медыяінструментам для мільёнаў. У адрозненне ад некаторых іншых платформаў, тут можна спажываць кантэнт без відавочных слядоў для КДБ. TikTok, адносна нейтральны да палітычных поглядаў, даў людзям доступ да незалежнага кантэнту і рэальных навінаў.
Тэхналогіі ўмацавалі не толькі медыя, але і сам супраціў. Адна з самых важных групаў — беларускія кіберпартызаны.
Неаднаразова яны ўзломвалі дзяржаўныя сайты і базы даных, выкладалі важную інфармацыю пра вайну, пра рэпрэсіі, раскрывалі імёны супрацоўнікаў КДБ. На аснове гэтых даных журналісты маглі расследаваць злачынствы і злоўжыванні рэжыму.
Так, гэта раздражняе рэжым, але натхняе людзей.
Пасля 2022 года, калі Расія ўварвалася ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, грамадзянская супольнасць запусціла праект «Беларускі Гаюн» — фактычна чат-бот, які дазваляў людзям паведамляць пра перамяшчэнне расійскіх войскаў і дапамагаў Украіне абараняцца.
Я ўжо пяць гадоў у выгнанні, але не магу сказаць, што мы страцілі сувязь з людзьмі ўнутры краіны. Праз Zoom я штотыдзень праводжу размовы з беларусамі ўнутры краіны, і мы працягваем уплываць на сітуацыю.
Нашыя ІТ-спецыялісты стварылі бяспечную лічбавую экасістэму, каб надаць беларусам — унутры краіны і па-за яе межамі — больш магчымасцяў. Дастаткова ўсталяваць праграму SVAE і стаць часткай гэтай экасістэмы.
Там людзі могуць свабодна выказвацца анлайн, самаарганізоўвацца, удзельнічаць у маштабных праграмах — такіх як краўдфандынг ці партысіпаторнае бюджэтаванне — і нават галасаваць.
У 2023 годзе мы правялі анлайн-выбары ў Каардынацыйную Раду — адну з трох нашых асноўных дэмакратычных інстытуцыяў. У траўні рыхтуем наступныя лічбавыя выбары — будзе сапраўды горача.
Часам мы эксперыментуем і са штучным інтэлектам. Два гады таму, калі Лукашэнка праводзіў чарговыя фальшывыя выбары, мы стварылі дэмакратычнага AI-кандыдата — Яся Гаспадара.
Навучаны на сапраўдных надзеях людзей, Ясь прапаноўваў візію і дыялог. Ва ўмовах недаверу і падазронасці людзі свабодна размаўлялі з ім, нібыта з жывым чалавекам. А яго галоўная перавага была ў тым, што яго немагчыма было пасадзіць у турму.
Безумоўна, выкарыстанне лічбавых інструментаў нясе і рызыкі.
Дыктатуры таксама вучацца выкарыстоўваць тэхналогіі — для сачэння, маніпуляцыі, распаўсюджвання сваіх наратываў. У добрых руках тэхналогіі служаць дабру. У руках дыктатараў яны могуць ператварыць жыццё людзей у кашмар.
Менавіта таму так важна будаваць партнёрствы з тэхналагічнымі кампаніямі і трымаць іх на баку дабра, на баку дэмакратыяў.
Таму так важна, каб тэхналагічныя кампаніі супрацоўнічалі з незалежнымі медыя, грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі актарамі.
Таму так важна ўмацоўваць лічбавую пісьменнасць, асабліва ў недэмакратычных краінах, як Беларусь, каб людзі маглі паўнавартасна выкарыстоўваць гэтыя інструменты.
Тэхналогіі не нейтральныя — яны выбіраюць бок праз выкарыстанне і дызайн. Мы павінны зрабіць так, каб яны ўмацоўвалі дэмакратыю, а не падтрымлівалі дыктатуру. Тэхналагічныя гіганты павінны спыніць злоўжыванне глабальнымі лічбавымі платформамі з боку рэжымаў.
І нарэшце, тэхналогіі могуць умацоўваць нацыянальную ідэнтычнасць — што сёння асабліва важна для Украіны, Беларусі, Малдовы. Напрыклад, многія платформы дагэтуль не падтрымліваюць беларускую мову, што часта штурхае людзей спажываць расійскі кантэнт.
У нашым выпадку нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура — гэта таксама зброя супраць так званага «рускага свету».
Дарагія сябры,
Барацьба за дэмакратыю адбываецца літаральна паўсюль — ад Кіева да Тбілісі, ад Кубы да Ірана. Яна вядзецца і ў радках кода, і ў воблачных сэрвісах.
І я ведаю, што мы можам і мы пераможам у гэтай барацьбе — разам.
Вялікі дзякуй.
Жыве Беларусь!»

