Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са спецыяльнай прадстаўніцай Еўрапейскага Саюза па правах чалавека Кайсай Оллонгрен. На сустрэчы таксама прысутнічаў Сяргей Ціханоўскі.
У цэнтры размовы — сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і палітвязні. Святлана Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення людзей і падзякавала за значную ролю ЗША ў перамоўным трэку.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
– гуманітарны трэк: амерыканскія санкцыі, уведзеныя за парушэнні правоў чалавека, могуць змякчацца ў абмен на канкрэтныя крокі рэжыму — вызваленне людзей і спыненне рэпрэсіяў;
– санкцыі ЕС, уведзеныя за вайну і гібрыдныя атакі, не з’яўляюцца прадметам размовы пра змякчэнне;
– што рэпрэсіі не змяншаюцца: на месцы вызваленых з’яўляюцца новыя палітвязні.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што пераслед у Беларусі ўключае іншыя формы сістэмнага ціску: прафесійныя забароны, пераслед палітычных партыяў і прафсаюзаў, абмежаванні мабільнасці і немагчымасць бяспечна вяртацца ў Беларусь.
Асобна бакі абмеркавалі міжнародны трэк:
– супрацоўніцтва з ААН, у тым ліку з Вярхоўным камісарам па правах чалавека і спецыяльнымі механізмамі ААН;
– магчымыя крокі для ўзмацнення ціску на рэжым, каб ён пайшоў на саступкі ў галіне правоў чалавека;
– неабходнасць выкарыстоўваць любую магчымасць для вызвалення людзей, пакуль яна існуе.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская перадала справаздачу IAPB (International Accountability Platform) — міжнароднай платформы па прыцягненні рэжыму да адказнасці. Кайса Оллонгрен будзе спрыяць далейшай працы па гэтай тэме.
Святлана Ціханоўская адзначыла: «Вызваленне людзей і спыненне рэпрэсіяў застаюцца нашым галоўным прыярытэтам. Мяч на баку рэжыму: праблема не ў адсутнасці дыялогу, а ў адсутнасці жадання рэжыму змяняць сітуацыю».
