• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Удзел у Генасамблеі ААН, Рада па правах чалавека ААН. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 23-29 верасня

    30 верасня, 2024

    ВІЗІТ У ЗША
    На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская была з працоўным візітам у Злучаных Штатах Амерыкі (Нью-Ёрк, Філадэльфія, Вашынгтон і Чыкага). Узяла ўдзел у мерапрыемствах Генасамблеі ААН, мерапрыемствах Atlantic Council, Clinton Global initiative, Concordia, Chicago Council on Global Affairs, CEPA, World Economic Forum, Lantos Foundation, а таксама выступіла ў University of Pennsylvania. Намеснік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбэл афіцыйна прыняў беларускую лідарку ў Вашынгтоне.

    На палях Генасамблеі Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі і міністрамі замежных справаў больш чым 40 краінаў, лідарамі міжнародных арганізацыяў і прадстаўнікамі ААН. У тым ліку – з міністрамі замежных справаў Швецыі, Аўстраліі, Францыі, Літвы, Эстоніі, Канады, новым генеральным сакратаром Рады Еўропы, Вярхоўным прадстаўніком ЕС Жазэпам Барэлем.

    Разам з дэлегацыямі Еўрасаюза, Эстоніі, Літвы, Іспаніі, Германіі і Францыі былі арганізаваныя слуханні па Беларусі. Святлана Ціханоўская заклікала працягваць ціск, і шукаць дыпламатычныя шляхі для вызвалення палітвязняў. Некалькі краінаў пацвердзілі гатоўнасць вылучыць дапамогу ў Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных.

    З Жазэпам Барэлем беларуская лідарка абмеркавала сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці. З прадстаўніцай ЗША па глабальным крымінальным правасуддзі Бэт Ван Шаак Святлана Ціханоўская абмеркавала шляхі прыцягнення вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.

    Шмат увагі падчас пасяджэнняў надавалася вайне ва Украіне, мірным перамовам і бяспецы ў рэгіёне. Святлана Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на тым, што толькі дэмакратычная Беларусь можа забяспечыць мір у рэгіёне. 

    Падчас візіту Ціханоўская ўручыла ўзнагароду «Крыж добрасуседства» былой дзяржсакратарцы ЗША Хілары Клінтан, міністру замежных справаў Люксембурга Ксаўе Бетэлю, прадстаўніку ЕС Жазэпу Барэлю.

    Ціханоўская наведала прэм’еру спектакля Свабоднага беларускага тэатра пра беларускую баскетбалістку Кацярыну Сныціну і сустрэлася з беларусамі Нью-Ёрка, Філадэльфіі, Чыкага і Вашынгтона.

    Фотаархіў візіту. 

    57-Я СЕСІЯ РАДЫ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ААН
    23 верасня ў Жэневе ў рамках працы Рады па правах чалавека ААН прайшлі слуханні па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.

    Удзельнікі слуханняў звярнулі ўвагу на сістэматычныя напады рэжыму Лукашэнкі на грамадзянскую супольнасць, інструменталізацыю судовай сістэмы Беларусі для падаўлення іншадумства, невыкананне дзяржавай сваіх міжнародных абавязкаў па ахове правоў чалавека. Большасць краінаў-сябраў Рады па правах чалавека ААН, у тым ліку краіны ЕС, цалкам падтрымалі пачатак працы групы незалежных экспертаў па Беларусі.

    Святлана Ціханоўская выступіла з заключным словам: «Беларускія турмы – гэта смяротныя пасткі. Я заклікаю Арганізацыю Аб’яднаных Нацый дзейнічаць. Я заклікаю сусветных лідараў зрабіць вызваленне палітычных зняволеных прыярытэтам. Гаварыце пра гэта ўголас. Скарыстайце ваш уплыў».

    ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА
    25 верасня сустракаў за кратамі свой 62-гі дзень народзінаў праваабаронца і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Святлана Ціханоўская – да яго дня народзінаў: «Рэжым кінуў яго за краты толькі за тое, што Бяляцкі пісаў праўду, фіксаваў рэпрэсіі і дапамагаў тым, каго яны закранулі. Дзякуючы яго працы свет ведаў праўду пра стан рэчаў у краіне».

    У многіх гарадах Еўропы
    прайшлі акцыі салідарнасці са зняволеным праваабаронцам. Сярод іх – Варшава і Беласток (Польшча), Вільнюс і Клайпеда (Літва), Прага (Чэхія), Брусель (Бельгія). Офіс дэмакратычных сілаў у Празе адкрыў выставу, прысвечаную Алесю Бяляцкаму.

    СПРАВА АНДРЭЯ ГНЁТА
    Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай працягвае актыўна працаваць над кейсам Андрэя Гнёта і выказвае поўную падтрымку ў яго барацьбе за свабоду.

    ДАВЕДНІК ПРА ДАПАМОГУ БЕЛАРУСАМ У ЭМІГРАЦЫІ
    Рада Еўропы апублікавала даведнік для еўрапейскіх дэпутатаў і палітыкаў, у якім апісваюцца канкрэтныя крокі, рэалізацыя якіх можа дапамагчы беларусам у эміграцыі. У дакуменце можна знайсці палітычныя рэкамендацыі і прапановы наконт пытанняў, што датычацца беларусаў у выгнанні.

    СУПРАЦОЎНІЦТВА С СЕНАТАМ ПОЛЬШЧЫ
    Дарадца па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька правёў працоўную сустрэчу з віцэ-спікерам Сената Польшчы Міхалам Камінскім. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі і зафіксавалі дамоўленасці і планы супрацоўніцтва. Сярод іх: 

    • арганізацыя і правядзенне некалькіх сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Польшчы;
    • стажыроўка чатырох беларусаў у Сенаце Польшчы;
    • арганізацыя і правядзенне сустрэчы прадстаўнікоў Альянсу групаў «За дэмакратычную Беларусь» падчас старшынства Польшчы ў ЕС;
    • падрыхтоўка да падпісання праекта дамовы аб супрацоўніцтве Сената Польшчы і дэмакратычных сілаў Беларусі;
    • прэзентацыя пакета законапраектаў для Новай Беларусі да дня Канстытуцыі ў Сенаце Польшчы.

    ПРАДУХІЛЕННЕ ГВАЛТУ НАД ДЗЕЦЬМІ
    Дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава ўзяла ўдзел у пасяджэнні Камітэта экспертаў па прадухіленні гвалту над дзецьмі (ENF-VAE), арганізаванае Радай Еўропы. Падчас мерапрыемства абмеркавалі наступныя пытанні: 

    • Рэкамендацыі па комплекснай адукацыі ў галіне секс-edu.
    • Стратэгіі ўкаранення інклюзіўных і эфектыўных праграмаў адукацыі ў галіне секс-edu.
    • Кансультацыя дзяцей і маладых людзей. Разгледжаныя метады ўцягнення моладзі ў працэсы распрацоўкі палітык і забеспячэння іх голасу ў адпаведных ініцыятывах.
    • Магчымасці для супрацоўніцтва па гэтых пунктах з мэтай павелічэння ўплыву ў галіне адукацыі і ўцягнення моладзі.

    ВЫРАШЭННЕ ПРАБЛЕМАЎ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ, ВЫКЛАДЧЫКАЎ І НАВУКОЎЦАЎДарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова прыняла ўдзел у арганізацыі канферэнцыі ў Вільні «Пераадольваючы аўтарытарныя патэрны ў школьнай адукацыі: педагагічныя ўстаноўкі, камунікатыўныя практыкі, эмацыйныя рэжымы». На мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі акадэмічных колаў, грамадзянскай супольнасці і міжнародныя партнёры, каб абмеркаваць шляхі ўмацавання адукацыйных і грамадзянскіх ініцыятываў для беларусаў у эміграцыі. Асноўная ўвага была нададзеная практычным рашэнням праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларускія студэнты, выкладчыкі і навукоўцы.

    МЕДЫЯ
    POLITICO (міжнароднае), CEPA (міжнароднае), DW (міжнароднае), Tagesspiegel (Германія), The Hill (ЗША), Voice of America (міжнароднае).

     

    Апошнія навіны