Беларуская лідарка пачала візіт у ЗША з Нью-Ёрка, дзе зараз праходзіць Генасамблея ААН. Ціханоўская ўзяла ўдзел у дэбатах па палітвязнях па палях Генасамблеі, арганізаваных дэлегацыяй Еўрасаюза супольна з Эстоніяй, Літвой, Іспаніяй, Германіяй і Францыяй. На дэбатах прысутнічалі дыпламаты і прадстаўнікі з больш чым 30 краінаў. З прамовамі выступілі міністры замежных справаў Літвы, Эстоніі, дзяржсакратары Францыі і Германіі, а таксама амбасадары шэрагу іншых краінаў.
У сваёй прамове лідарка акцэнтавала ўвагу на тым, што сітуацыя ў Беларусі – гэта нацыянальная катастрофа, у якую ААН павінна ўмяшацца. Таму яна прапанавала наступныя практычныя крокі:
📌 Заклікаць Генеральнага сакратара ААН і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падняць пытанне палітвязняў перад Лукашэнкам.
📌 Запатрабаваць, каб офіс ААН у Беларусі ці гуманітарныя арганізацыі, такія як Чырвоны Крыж, атрымалі доступ да палітвязняў.
📌 Разгледзець дыпламатычныя каналы для абмену зняволенымі, падобныя абмену па справе Красікава ці абмену ваеннапалоннымі з Украінай.
📌 Ініцыяваць «слуханні па формуле Аррыі» ў Радзе Бяспекі ААН па Беларусі, якія будуць датычыцца як пытанняў бяспекі, так і гуманітарных аспектаў.
📌 Уздымаць пытанне палітвязняў у дэбатах ААН і рэзалюцыях, патрабуючы іх вызвалення і рэабілітацыі.
📌 АБСЕ і БДІПЧ павінны абмеркаваць пытанне палітвязняў на канферэнцыі па чалавечым вымярэнні ў наступным месяцы ў Варшаве.
📌 Падтрымаць міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці і Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных.
📌 Зрабіць кожнае ўзаемадзеянне з рэжымам залежным ад рэальных зменаў, уключаючы вызваленне палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсіяў.
📌 Ангажаваць краіны-партнёры рэжыму, якія маюць рычагі ўплыву і могуць паспрыяць вызваленню палітвязняў.