На палях Генасамблеі ААН беларуская лідарка выступіла на Global Future Forum, арганізаваным Atlantic Council. Форум – штогадовая сустрэча лідараў і экспертаў з розных краінаў, прысвечаная абмеркаванню і аналізу глабальных праблемаў у сучасным свеце.
Святлана Ціханоўская:
«Дзякуй, паважаная Адрыен, за вашыя добрыя словы. Для мяне гонар, што мяне прадставіла такая моцная жанчына, як вы.
Я заўсёды кажу, што ва ўмовах вайны і крызісу важна павялічваць удзел жанчын у грамадскім жыцці, бо так можна прыўнесці ў нашыя рашэнні больш спагады, чалавечнасці і мудрасці.
Я ўпэўненая, што сёння знаходжуся сярод сяброў. Сярод людзей, якія не проста вераць у лепшую будучыню, але і дзейнічаюць, каб яе пабудаваць.
Хачу падзякаваць нашым паважаным арганізатарам, Атлантычнай радзе, за вашую непахісную падтрымку тых, хто змагаецца за свабоду, і за вашую прыхільнасць дэмакратычнай Беларусі. Амбасадар Хербст, Шэлбі, уся каманда – дзякуй вам!
У 2020 годзе, калі ўспыхнулі нашыя пратэсты, вы былі сярод першых, хто забіў трывогу. Вы казалі: «Сюды павінен глядзець увесь свет!» Вы паабяцалі падтрымліваць нашу барацьбу за свабоду, колькі б часу яна ні заняла, і вы стрымалі сваё слова.
Таму што вы разумееце, што барацьба за свабоду – гэта глабальная барацьба.
Чаму мы навучыліся за апошнія гады, дык гэта таму, што калі свабода падвяргаецца нападу ў адной краіне, яна ставіцца пад пагрозу па ўсім свеце. Ад Украіны да Ірана, ад Венесуэлы да Кубы – барацьба за свабоду звязвае нас усіх.
Барацьбу за дэмакратыю часта рамантызуюць. Вы, мусіць, памятаеце натхняльныя кадры масавых пратэстаў у Беларусі, калі на вуліцы выходзілі сотні тысячаў людзей. Мы памятаем тых бясстрашных жанчын з букетамі кветак, якія ўзначальвалі пратэст.
Аднак у гэтай барацьбы ёсць і больш змрочны бок. Шлях да свабоды выбрукаваны болем, слязамі і пакутамі. Такая рэальнасць.
Барацьба за свабоду – гэта асабістая ахвяра. І мы павінны заўсёды памятаць пра тых, хто плаціць высокую цану за тыя каштоўнасці, якія нам так дарагія.
Прама цяпер тысячы беларусаў знаходзяцца за кратамі. Кожны дзень затрымліваюць і падвяргаюць катаванням дзясяткі людзей. Толькі таму, што яны адважыліся сказаць праўду. Толькі таму, што яны жадаюць бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай.
Многія палітвязні ўтрымліваюцца ва ўмовах поўнай ізаляцыі, без сувязі са знешнім светам. Ужо больш за 500 дзён я не чула ні слова пра майго мужа. І я нават не ведаю, ці жывы ён.
Яго прыгаварылі да 19 гадоў толькі за тое, што ён адважыўся кінуць выклік дыктатару.
Або ўзгадайце Марыю Калеснікаву, якая стала сімвалам жаночага супраціву ў 2020 годзе. Яна літаральна памірае ў турме. Цяпер з-за жудаснага харчавання ў турме яна важыць 45 кілаграмаў. Яна не можа аднавіцца пасля сур’ёзнай аперацыі.
Або ўзгадайце нашага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага. Рэжым здзекуецца з яго, не даючы яму неабходных лекаў. Незадоўга да арышту ён заклікаў да нацыянальнага дыялогу, заклікаў улады размаўляць з народам. Рэжым адказаў арыштам.
Дыктатар не захацеў дыялогу. Адзіная мова, якую ён разумее, – гэта мова гвалту. Больш за чатыры гады рэжым у Мінску не спыняе помсты людзям. Не засталося сем’яў, не закранутых рэпрэсіямі. З-за рэпрэсіяў многія сем’і аказаліся разарванымі. Сотні тысячаў людзей былі вымушаныя бегчы са сваёй роднай краіны.
Рэжым думаў, што гвалтам можна прымусіць людзей замаўчаць. Але гвалт распаліў агонь, які гарыць па-ранейшаму яскрава. І кожны дзень беларусы працягваюць супраціўляцца.
Хтосьці – падпольна, хтосьці – у выгнанні, але людзі ўсё яшчэ змагаюцца за нашую свабоду. Нас нельга прымусіць замаўчаць, а нашую барацьбу за свабоду нельга спыніць.
Барацьба за свабоду – гэта не спрынт, а марафон. Гавораць, што калі хочаш ісці хутка, ідзі адзін. Але калі хочаце ісці далёка, ідзіце разам. Нам патрэбныя паплечнікі ў нашай барацьбе. І многія з іх знаходзяцца сёння ў гэтай зале.
Пакуль дыктатары будуюць альянсы і вучацца адно ў аднаго, нам таксама трэба заставацца адзінымі. Нам трэба разам імкнуцца абараніць і ўмацаваць дэмакратыю.
Значыць, мы павінны цвёрда стаяць на прынцыпах справядлівасці і супрацьстаяць несправядлівасці, дзе б яна ні ўзнікала. Калі зневажаецца свабода аднаго народа, кожны тыран чуе сігнал: «Рабі што хочаш – і застанешся бяскарным».
Значыць, нам трэба прыцягваць да адказнасці ўсіх, хто знішчае свабоды людзей, дзе б гэта ні адбывалася. Нам трэба ўзмацняць санкцыі. Не таму, што санкцыі дасканалыя, а таму, што яны неабходныя.
Значыць, нам трэба бараніць нашыя дэмакратычныя інстытуты. Паверце, свабоду вельмі лёгка страціць, і так цяжка вярнуць яе назад.
Значыць, нам таксама трэба праяўляць салідарнасць і спачуванне да ўсіх тых, хто пакутуе ад жорсткіх рэжымаў. Гэта значыць, трэба падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і праваабаронцаў.
Значыць, нам таксама трэба падтрымліваць незалежныя СМІ і журналістаў, якія рызыкуюць сваімі жыццямі, каб захаваць праўду. Часам словы мацнейшыя за зброю. І дыктатары баяцца праўды.
Значыць, нам трэба падтрымліваць адважны народ Украіны, які змагаецца супраць імперскай ваеннай машыны за сваю волю. Часам я чую: «Ай, іх вайна – іх справа». Не. Гэта нашая супольная барацьба за свабоду.
Падтрымка адважнага народа Украіны ці падтрымка Беларусі – гэта не проста дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў глабальны свет і бяспеку.
Дарагія сябры,
Шлях да свабоды можа быць выбрукаваны болем, можа быць доўгім і цяжкім. Але яго значна лягчэй прайсці, калі мы ідзём разам.
Як паказвае гісторыя, тыраніі разбураюцца, калі ніхто гэтага не чакае. Але мы можам і мусім наблізіць гэты момант. І мы павінны быць гатовымі да яго.
Я не ведаю, колькі працягнецца нашая барацьба, але я ведаю адно: калі дэмакратыя перамагае ў адным месцы, яе перамога натхняе перамены паўсюль.
Я веру, што разам мы зможам перамагчы ў гэтай глабальнай барацьбе за свабоду.
Дзякуй. Жыве Беларусь, жыве свабода!»