КАНФЕРЭНЦЫЯ НОВАЯ БЕЛАРУСЬ
9–10 жніўня ў Варшаве адбудзецца Канферэнцыя «Новая Беларусь 2025», прымеркаваная да гадавіны ад пачатку масавых пратэстаў 2020 году. Запланаванае падвядзенне вынікаў пяці гадоў дэмакратычных сілаў, прыняцце супольных рэзалюцыяў, запуск кампаніі, новыя прызначэнні ў Кабінеце. Праграма канферэнцыі: https://tsikhanouskaya.org/be/event/knb_2025.
Спасылка на рэгістрацыю для ўдзельнікаў. Журналісты, блогеры, прадстаўнікі беларускіх незалежных медыя могуць зарэгістравацца па гэтай спасылцы.
ДЗЕНЬ ПРЫНЯЦЦЯ ДЭКЛАРАЦЫІ АБ СУВЕРЭНІТЭЦЕ БЕЛАРУСІ
27 ліпеня 1990 года — дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце — дакумента, які адлюстраваў намер беларускага народа і яго волю жыць па ўласных правілах. Святлана Ціханоўская: «Незалежнасць не падае з неба проста так і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць».
ПАДТРЫМКА ПАЦЯРПЕЛЫХ АД ХАРАСМЕНТУ ЖАНЧЫН
Святлана Ціханоўская выказала падтрымку жанчынам, якія заявілі пра выпадкі харасменту. Яна таксама адзначыла, што нягледзячы на сітуацыю вакол канкрэтнай асобы, фонд BYSOL павінен працягваць працу, і не з’яўляецца толькі адным чалавекам — гэта каманда, якая робіць важную для Беларусі справу.
ПРАЕКТ ЛЮСТРАЦЫІ ДЛЯ НОВАЙ БЕЛАРУСІ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў распавёў, якія чыноўнікі Беларусі трапяць пад люстрацыю, і як знайсці баланс паміж справядлівасцю і прымірэннем.
СУПРАЦА З ТЭХКАМПАНІЯМІ
Офіс Святланы Ціханоўскай правёў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх медыя і экспертнай супольнасці па праблемах узаемадзеяння з Big Tech. Абмяркоўваліся лакальныя і глабальныя выклікі: маргіналізацыя беларускай мовы ў алгарытмах і інтэрфейсах (Google, YouTube, ChatGPT, DeepL), праблемы з прасоўваннем і манетызацыяй кантэнту, а таксама агульныя тэндэнцыі — узмацненне рэгулявання платформ (DSA у ЕС), згортванне адвакацыйных праграмаў і змяншэнне празрыстасці з боку тэхгігантаў.
Удзельнікі сышліся на тым, што неабходная сістэмная праца, фармулёўка канкрэтных адвакацыйных задачаў і стварэнне сталых механізмаў для дыялогу паміж тэхналагічнымі кампаніямі, беларускімі медыя і грамадзянскай супольнасцю.
ВЫСТАВА ПРА БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТВЯЗНЯЎ У ПРАЗЕ
24 ліпеня ў Празе адкрылася выстава, прысвечаная палітычным зняволеным з Беларусі, Расіі і Украіны. Яе падрыхтавала Міністэрства замежных справаў Чэхіі ў супрацоўніцтве з чэшскім няўрадавымі арганізацыямі People In Need, Prague Civil Society Centre і Gulag.cz.
ЗВАРОТ ДА ПРЭЗІДЭНТА УКРАІНЫ
Святлана Ціханоўская накіравала афіцыйны зварот да Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай падтрымаць і паскорыць прыняцце закона, які вызначае прававы статус беларускіх добраахвотнікаў у краіне.
КАМЕНТАР ОФІСА ЦІХАНОЎСКАЙ АДНОСНА ЗАЯВЫ ДЭПУТАТА ЛІТОЎСКАГА СЕЙМА
Заява дэпутата літоўскага Сейма, якая з’явілася ў публічнай прасторы, утрымлівае недакладную і непраўдзівую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім адносінам паміж літоўскім і беларускім народамі. Офіс Святланы Ціханоўскай выступіў з каментаром у адказ на заяву дэпутата літоўскага Сейма.
МІТЫНГ САЛІДАРНАСЦІ З УКРАІНАЙ
28 ліпеня на Кафедральнай плошчы ў Вільні пройдзе ўжо 148-ы штотыднёвы мітынг у падтрымку Украіны. Гэтым разам да івэнту далучацца Святлана і Сяргей Ціханоўскія.
ПЕНСІЙНАЯ СІСТЭМА Ў БЕЛАРУСІ
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў адказы на ключавыя пытанні аб пенсійнай сістэме ў Беларусі: «Рэжым любіць называць пенсіі «сацыяльнай гарантыяй». Але праўда ў тым, што гэта не так: беларусы плацяць за іх самі і робяць гэта кожны месяц».
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Радыё Свабода (Беларусь), iNews (Вялікабрытанія), The Parliament (міжнароднае), Politico (міжнароднае). Сумесныя інтэрв’ю Святланы і Сяргея Ціханоўскіх: The Globe and Mail (Канада), France 24 (Францыя), DR (The Danish Radio and TV, Данія).