Беларуская дэмакратычная супольнасць цэніць падтрымку Літвы, літоўскага ўрада і народа за шматгадовую падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за мірныя дэмакратычныя і еўрапейскія ператварэнні ў краіне, і дапамогу тым, хто церпіць пераслед ці вымушана пакінуў Беларусь праз рэпрэсіі.
Заява дэпутата літоўскага Сейма, якая з’явілася ў публічнай прасторы, утрымлівае недакладную і непраўдзівую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім адносінам паміж літоўскім і беларускім народамі, таму мы лічым патрэбным адказаць на гэтыя заявы.
- Святлана Ціханоўская атрымала большасць галасоў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году паводле альтэрнатыўнага падліку і экспертаў, што забяспечыла ёй перамогу ў першым туры выбараў. Вынікі выбараў былі ўкрадзеныя, рэжым Лукашэнкі развязаў тэрор супраць беларусаў. А Святлану Ціханоўскую пагрозамі вымусілі пакінуць Беларусь. Літва прыняла Святлану Ціханоўскую як пераможцу выбараў і дала ёй афіцыйны статус госця Літоўскай Рэспублікі. Многія краіны свету прымаюць Ціханоўскую як абраную прэзідэнтку ці лідарку дэмакратычнай Беларусі.
- У Літве быў створаны Офіс Святланы Ціханоўскай і “Baltarusių demokratijos atstovybei“, які атрымаў акрэдытацыю ў Літве як прадстаўніцтва беларускай дэмакратычнай супольнасці. Яго задача служыць умацаванню літоўска-беларускіх адносінаў, спрыяе ўзаемадзеянню і лепшай каардынацыі з інстытутамі літоўскай улады. Ні Офіс Святланы Ціханоўскай, ні “Baltarusių demokratijos atstovybei“ не атрымліваюць ніякай непасрэднай фінансавай дапамогі ад Літвы, а супрацоўнікі гэтых інстытуцыяў — не карыстаюцца ніякімі палёгкамі ці выгадамі ў Літве.
- Іншыя дэмакратычныя інстытуты, створаныя Святланай Ціханоўскай, — Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная рада — прадстаўляюць шырокую кааліцыю арганізацыяў, ініцыятываў і палітычных партыяў Беларусі. Акрамя Вільнюса і Варшавы, дзейнічаюць місіі дэмакратычных сілаў у Таліне, Празе, Бруселі і Кіеве. Структуры дэмакратычных сілаў рашуча выступаюць за мірныя дэмакратычныя змены ў Беларусі, еўрапейскую перспектыву, падтрымку Украіны, і прыцягненне рэжыму да адказнасці.
- Святлана Ціханоўская і дэмакратычныя сілы Беларусі паслядоўна асуджаюць любыя праявы так званага літвінізму, спробы пасеяць варожасць паміж літоўцамі і беларусамі. Святлана Ціханоўская выступіла з шэрагам заяваў з асуджэннем «літвінізму», а ў 2025 годзе прапанавала дэпутатам Сейма Літвы праект супольнага пагаднення «Аб садзейнічанні паразуменню паміж літоўцамі і беларусамі ў пытаннях гістарычнай спадчыны і ідэнтычнасці дзеля будучыні і свабоды літоўскага і беларускага народаў». Раней Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы заяўляў, што пад відам літвінізму распачынаецца спроба дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы Беларусі і супрацьпаставіць грамадзянаў Літвы і беларусаў, якія жывуць у краіне.
- Сяргей Ціханоўскі, вызвалены і дэпартаваны ў Літву рэжымам Лукашэнкі пасля 5 гадоў незаконнага зняволення, у першы дзень пасля вызвалення публічна і адназначна асудзіў расійскую агрэсію, акупацыю Крыма, падтрымаў Украіну. Гэтаксама Сяргей Ціханоўскі праясніў свае словы пра «астраўкі» беларусаў, што не намераны ствараць ніякіх аўтаномных акругоў, і патлумачыў, што меў на ўвазе ўмацаванне дыяспаральных суполак беларусаў за мяжой, праз стварэнне бізнес-і культурных хабаў, у тым ліку як гэта рабіла літоўская дыяспара падчас савецкай акупацыі.
- Дэмакратычныя сілы пастаянна звяртаюць увагу на гібрыдныя атакі з боку Крамля і рэжыму Лукашэнкі, падтрымліваюць намаганні Літвы і ЕС па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абароны, збіраюць доказы саўдзелу рэжыму ў міграцыйных атаках, выяўляюць патэнцыйных агентаў рэжыму на тэрыторыі Літвы і ЕС, а таксама арганізацыі, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Таксама дэмакратычныя сілы практычна і палітычна падтрымліваюць намаганні Літвы па прыцягненні рэжыму да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе (ICC) і Міжнародным судзе ААН (ICJ) за інструменталізацыю нелегальнай міграцыі і дэпартацыю цывільнага насельніцтва.
- Дэмакратычныя сілы Беларусі шчыльна каардынуюць сваю палітычную і дыпламатычную працу з урадамі Літвы, Польшчы, Еўрапейскага Саюза і іншых дэмакратычных краінаў. З Еўрапейскім саюзам дзейнічае Кансультатыўная група ЕС-Беларусь, з ЗША — Стратэгічны дыялог, Стратэгічныя кансультацыі — з Вялікабрытаніяй і Канадай. З Радай Еўропы — Кантактная група.
- Беларускія дэмакратычныя сілы пад лідарствам Святланы Ціханоўскай прынялі Дэкларацыю аб будучым членстве Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе і агульную платформу дэмакратычных сілаў, у якой гаворыцца пра еўрапейскую будучыню для Беларусі, неабходнасць вываду Беларусі з-пад уплыву імперыялістычнай Расіі, і вяртання ў еўрапейскую сям’ю народаў, да якой Беларусь заўжды належала.
Святлана Ціханоўская і дэмакратычныя сілы заўжды адзначаюць асаблівую ролю Літвы ў падтрымцы дэмакратычных пераменаў у Беларусі і інстытуцыйнага прадстаўніцтва беларускай дэмакратычнай супольнасці. Мы цэнім і ўдзячныя за гэтае супрацоўніцтва. Літва, якая сама праходзіла праз досвед акупацыі, ведае, наколькі ў гэтай барацьбе важная дапамога Свабоднага свету.
Мы імкнёмся да вяртання на радзіму, каб пабудаваць вольную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь, якая будзе прадказальным, мірным і бяспечным сябрам для сваіх суседзяў.
23.07.2025