«Апошнія навіны выклікалі абурэнне і расчараванне, і я хачу выказаць словы падтрымкі ўсім пацярпелым ад харасменту жанчынам. Дзякуй, што знаходзіце ў сабе сілы ў адкрытую казаць пра такія важныя і балючыя тэмы. Некарэктныя і ганебныя паводзіны нельга апраўдваць ці замоўчваць. Бо гэта шырокая сацыяльная праблема, якая закранае сям’ю, працу, усё грамадства.
Наконт канкрэтнага выпадку з BYSOL я хацела б прагаварыць некалькі істотных рэчаў.
Па-першае, BYSOL — гэта не адзін чалавек, а арганізацыя, якая працуе шмат гадоў. Гэта каманда, якая фарміравалася з людзей з досведам, прафесіяналізмам, вытрымкай. Людзей, што дапамагалі іншым, нават калі самі знаходзіліся ў небяспецы. Многія з іх з самага пачатку былі побач з беларусамі ў цяжкія часы.
Па-другое, калі супольнасць дазналася пра непрымальныя дзеянні Андрэя Стрыжака, фонд адрэагаваў як адказная структура: прызнаў праблему, адхіліў ад працы кіраўніка і пачаў унутранае расследаванне. Ніхто не спрабаваў нічога «замяць». Лічу, што такая празрыстая і сумленная пазіцыя адпавядае стандартам, якіх мы ўсе чакаем ад арганізацыяў, што працуюць для Беларусі.
Па-трэцяе, нават гэты рэзанансны выпадак не павінен абнуляць значнасць працы ўсёй каманды. Нельга дазволіць, каб дзеянні аднаго чалавека знішчылі шматгадовую працу фонду, бо BYSOL дапамог і дапамагае тысячам беларусаў. Падтрымку ад фонду атрымалі людзі, чые жыцці былі пад пагрозай. І BYSOL па-ранейшаму патрэбны тым, хто ўсё яшчэ ў небяспецы.
Фонд BYSOL заслугоўвае не «адмены», а падтрымкі, менавіта таму, што важны для беларускага грамадства. Тое, што зрабіў кіраўнік — не падстава разбураць фундамент, які гадамі ствараўся сумленнымі і адданымі людзьмі».