Рэжым любіць называць пенсіі «сацыяльнай гарантыяй». Але праўда ў тым, што гэта не так: беларусы плацяць за іх самі і робяць гэта кожны месяц. Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў зразумелыя адказы на ключавыя пытанні аб пенсійнай сістэме ў Беларусі:
- Ці сапраўды ў нас сістэма пенсіяў, якая залежыць ад колькасці людзей?
Усё так. У Беларусі дзейнічае салідарная пенсійная сістэма: узносы ў ФСАН ад бягучых работнікаў збіраюцца і пераразмяркоўваюцца паміж цяперашнімі пенсіянерамі. Сістэма з’явілася ў СССР, калі назіраўся рост насельніцтва. Галоўная праблема ў тым, што цяпер у Беларусі 4 пенсіянеры на 10 людзей працаздольнага ўзросту. Калі тэндэнцыі нараджальнасці, міграцыі і смяротнасці захаваюцца, то да сярэдзіны стагоддзя гэтая лічба дойдзе да 6, а да 2080 да 8 пенсіянераў на 10 людзей працаздольнага ўзросту. Адпаведна, пры адсутнасці рэформаў, трэба будзе альбо змяншаць пенсію ў 2 разы, альбо павялічваць адлічэнні ў 2 разы, альбо кожны год дадаваць 10% ВУП, каб кампенсаваць дэфіцыт ФСАН.
- Ці сапраўды беларусаў падманваюць і менавіта яны аплачваюць усё, што дзяржава называе «сацыяльнымі гарантыямі»?
Беларусь — гэта не ААЭ, не Нарвегія і не Расія, у Беларусі вельмі мала прыродных багаццяў.
Згодна з справаздачай міністэрства фінансаў (старонка 18), у 2024 годзе 85% паступленняў у бюджэт складалі падатковыя даходы. Гэта значыць, грошы ішлі напрамую ад грамадзянаў і кампаніяў, дзе тыя працуюць. Яшчэ 6% складалі бязвыплатныя паступленні — па той жа схеме. Яшчэ 9% — гэта непадатковыя даходы, значная доля якіх — гэта даходы, атрыманыя ад дзейнасці прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці. Але працуюць на іх тыя самыя грамадзяне Беларусі.
- Як можна паўплываць на гэтую сітуацыю і рэфармаваць пенсійную сістэму?
Ёсць некалькі магчымых варыянтаў пенсійнай рэформы, але ўсе яны зводзяцца да ўвядзення значнай накапляльнай часткі. Гэта значыць, што частка адлічэнняў работнікаў павінна акумулявацца на спецыяльных ашчадных рахунках, граматна інвесціравацца пад строгім кантролем дзяржавы. Такім чынам, калі чалавек будзе выходзіць на пенсію, яна будзе складацца з сацыяльнай/кансалідаванай часткі.
Падобная рэформа ў свой час прайшла ў абсалютнай большасці развітых краінаў, якія пакутуюць ад нізкай нараджальнасці, як і Беларусь.
Для падобнай рэформы неабходныя дзве ўмовы:
1) давер паміж грамадзянамі і ўрадам, бо дадзеныя цяпер абяцанні будуць рэалізаваныя праз дзесяцігоддзі;
2) давер міжнародных фінансавых інстытутаў дзяржаве і яе ўраду. Гэта трэба, бо ў самым пачатку рэформы, калі частка паступленняў ад работнікаў пойдзе на іх ашчадныя рахункі, ураду давядзецца і далей выплачваць пенсіі бягучым пенсіянерам. Гэтая рэформа самаакупная, але цягам 40–50 гадоў. Адпаведна неабходна прыцягнуць сродкі на яе ажыццяўленне.
Сёння, калі Беларусь адрэзаная ад міжнародных фінансавых рынкаў і нават аб’явіла фактычны дэфолт па суверэнных пазыках, ні аб якім фінансаванні такой маштабнай рэформы размовы быць не можа.
Прыкладам пенсійнай рэформы можа служыць праект, падрыхтаваны экспертамі BEROC.