ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
12 лютага стала вядома пра вызваленне трох беларускіх палітвязняў: журналіста «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка, шматдзетнай маці Алены Маўшук і неназванага грамадзяніна ЗША. Усе яны цяпер знаходзяцца ў бяспечным месцы. Святлана Ціханоўская: «Я вельмі ўдзячная Прэзідэнту Трампу, дзяржсакратару Рубіа і дзярждэпартаменту ЗША за супольныя намаганні, якія зрабілі гэта магчымым».
КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА БЯСПЕЦЫ Ў МЮНХЕНЕ
14-16 лютага Святлана Ціханоўская брала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы – ключавым сусветным форуме, дзе абмяркоўваюцца пытанні глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. Падчас канферэнцыі беларуская лідарка сустрэлася з лідарамі ЕС, ЗША і іншых краінаў, у тым ліку з Урсулай фон дэр Ляен, Каяй Калас, Дэвідам Лэмі, Маей Санду і іншымі. Акрамя таго:
– Ціханоўская прапанавала Вярхоўнаму камісару ААН далучыцца да справы вызвалення палітвязняў;
– сустрэлася з прадстаўніком адміністрацыі Трампа;
– сустрэлася з ключавымі асобамі абедзвюх палатаў Кангрэса ЗША.
Галоўным пытаннем, якое паднімала Ціханоўская ў Мюнхене стала роля Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы і перамовах паміж Украінай і Расіяй. Акрамя таго, абмяркоўваліся шляхі вызвалення палітвязняў, падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі, умацавання незалежных медыя і супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі.
Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі заклікала міжнародных партнёраў да больш рашучых дзеянняў і падкрэсліла: «Бяспечная і незалежная Беларусь – гэта не толькі справядлівасць для беларусаў, але і гарантыя стабільнасці для ўсяго рэгіёну. Без свабоднай Беларусі немагчыма забяспечыць трывалую бяспеку ў Еўропе. Але нельга прымаць ніякіх рашэнняў пра Беларусь без беларусаў!»
Фотарэпартаж.
ВІЗІТ У БРУСЕЛЬ
Напачатку тыдня Святлана Ціханоўская з працоўным візітам наведала Брусель. Падчас візіту беларуская лідарка сустрэлася з:
– прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай;
– старшынёй Еўрапейскай Рады Антоніу Кошта.
Тэмамі абмеркавання сталі: шляхі вызвалення палітвязняў, супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з ЕС, падтрымка медыя і грамадзянскай супольнасці, так званыя выбары 2025 года.
Фотарэпартаж.
ВІЗІТ У ПАРЫЖ
10-11 лютага Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Парыжы. Падчас візіту беларуская лідарка:
– сустрэлася з прэзідэнтам EESC Оліверам Ропке. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі магчымасць выступлення Ціханоўскай на пленарнай сесіі EESC, падтрымку беларускіх ініцыятываў, падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве, стажыроўкі для беларусаў у EESC і падтрымку ініцыятываў беларускай супольнасці ў ЕС.
– абмеркавала сітуацыю з беларускімі палітвязнямі са спікеркай Нацыянальнага сходу Францыі Яэль Браўн-Півэ.
– Узяла ўдзел у Саміце штучнага інтэлекту і дэмакратыі, падчас якога распавяла пра тое, як аўтарытарны рэжым у Беларусі выкарыстоўвае штучны інтэлект для кантролю і рэпрэсіяў, а таксама як дэмакратычныя актывісты адаптуюць тэхналогіі для барацьбы за свабоду і правы чалавека.
– сустрэлася з парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь» у Нацыянальнай Асамблеі Францыі. Бакі абмеркавалі спосабы вызвалення палітвязняў, падтрымку медыя і грамадзянскіх ініцыятываў у перыяд спынення фінансавай дапамогі ЗША, супрацоўніцтва паміж беларускімі і французскімі экспертамі.
Фотарэпартаж.
СУСТРЭЧА З НАМЕСНІКАМ ДЗЯРЖСАКРАТАРА ЗША
13 лютага ў Вільні лідарка дэмакратычных сілаў сустрэлася з Крыстаферам Смітам. Спадар Сміт быў у Мінску, каб вызваліць нашых палітвязняў Алену Маўшук і Андрэя Кузнечыка, а таксама грамадзяніна ЗША.
СІСТЭМНЫ КРЫЗІС У БЕЛАРУСКАЙ НАВУКЕ
Былыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) і група навукоўцаў, у тым ліку дарадца Святланы Ціханоўская па пытаннях навукі і адукацыі Таццяна Шчытцова, падрыхтавалі даклад аб працы НАН. Зыходзячы з аналізу гэтага дакумента, Беларуская навуковая сфера перажывае глыбокі крызіс – за апошняе дзесяцігоддзе рэзка пагоршыліся ключавыя паказчыкі: колькасць навуковых публікацыяў, колькасць патэнтавых заявак, пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю SBS World News (Аўстралія), TBS TV (Японія), New York Times (міждународнае), Klubradio (Венгрыя), BNR (Нідэрланды), Index on Censorship (міжнароднае).