Сёння ў Вільні лідарка дэмакратычных сілаў сустрэлася з Крыстаферам Смітам. Спадар Сміт учора быў у Мінску, каб вызваліць нашых палітвязняў Алену Маўшук і Андрэя Кузнечыка, а таксама грамадзяніна ЗША.
Святлана Ціханоўская: «Я падзякавала спадару Сміту за яго намаганні, за ўзаемадзеянне і каардынацыю з Офісам, і перадала асабістую ўдзячнасць прэзідэнту Трампу і дзяржсакратару Рубіа: менавіта дзякуючы іх палітычнай волі гэта стала магчымым.
Я радая, што ў нас завязваюцца даверлівыя адносіны з новай амерыканскай адміністрацыяй, і ўчора мы пабачылі канкрэтныя вынікі гэтага супрацоўніцтва.
Крыстафер Сміт мяне запэўніў: учорашнія вызваленні былі зробленыя рэжымам аднабакова, без нейкіх саступак з амерыканскага боку.
Мы з ім абмеркавалі наступныя крокі па вызваленні іншых палітвязняў. Так, нашая мэта – каб усе выйшлі на свабоду, каб былі спыненыя рэпрэсіі. І я бачу, што з амерыканскага боку ёсць жаданне і гатоўнасць нам у гэтым спрыяць».
Акрамя таго, бакі абмеркавалі працяг Стратэгічнага дыялогу і ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне, асабліва ў кантэксце бягучых перамоваў па Украіне, каб вывесці Беларусь з вайны.