Падчас Мюнхенскай канферэнцыі Святлана Ціханоўская сустрэлася з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам.
Яна перадала дакументы ад беларускіх праваабаронцаў пра апошнюю хвалю рэпрэсій, сітуацыю ў турмах і спісы палітвязняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане. Ціханоўская падкрэсліла, што сітуацыя катастрафічная і патрабуе неадкладнага ўмяшальніцтва.
Яна заклікала Вярхоўнага камісара спрыяць гуманітарным вызваленням, спыненню практыкі ізаляцыі “інкамунікада” і забеспячэнню доступу да зняволеных.
Ціханоўская распавяла пра паспяховае вызваленне двух палітвязняў у каардынацыі з ЗША, і хвалю гуманітарных вызваленняў напрыканцы мінулага года.
Таксама Ціханоўская перадала дакумент з прапановамі крокаў для вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій, заклікала да большай рашучасці ў гэтым напрамку.
Асобна абмяркоўвалася запланаваная на сакавік прэзентацыя справаздачы групы незалежных экспертаў ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У справаздачы фіксуюцца доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў.