Святлана Ціханоўская пачала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі з дыскусіі «Беларусь пасля выбараў 2025: каталізатар пераменаў або пешка ў чужой гульні?» Панэль сабрала ўплывовых еўрапейскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў, якія аналізавалі будучыню Беларусі ў зменлівым геапалітычным кантэксце.
Удзельнікі дыскусіі ўзнялі ключавыя пытанні:
➖Ці варта разглядаць Беларусь праз прызму рэгіянальнай бяспекі?
➖Як апошнія #бязвыбары2025 уплываюць на адносіны Беларусі з Расіяй і Захадам?
➖Якім можа быць шлях да дэмакратычных пераменаў і як Захад можа дапамагчы?
Падчас фінальнай прамовы беларуская лідарка падсумавала:
«Якія нашыя інтарэсы? Яны ясныя. Нам патрэбны стабільны і справядлівы свет. Гэта магчыма толькі тады, калі Беларусь стане суверэннай і дэмакратычнай краінай. Для гэтага мы павінны аслабіць уплыў Расіі і яе хватку на нашай тэрыторыі. Мы патрабуем, каб расійскія войскі былі выведзеныя не толькі з Украіны, але і з нашай зямлі.
Беларусь павінна дэмакратызавацца. Пакуль дыктатар непадсправаздачны свайму народу, ён будзе працягваць служыць Пуціну і разменьваць беларускі суверэнітэт на палітычнае выжыванне. Толькі сапраўдны палітычны пераход, праз свабодныя і сумленныя выбары, можа гарантаваць захаванне беларускага суверэнітэту і трываласці міру».
Ціханоўская падкрэсліла: беларусы павінны змагацца за права на самастойнае вызначэнне будучыні – і адзначыла важнасць міжнароднай падтрымкі ў гэтым працэсе. Яна заклікала да актыўнага ўдзелу Захаду ў падтрыманні дэмакратычных пераменаў у Беларусі і забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.