ВІЗІТ У ВАРШАВУ
Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у саміце Ініцыятывы Трохмор’я ў Варшаве, які адбыўся па запрашэнні Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Падчас саміту, да якога далучыліся дэлегацыі з больш як 20 краінаў, беларуская лідарка правяла шэраг кароткіх размоваў з лідарамі краінаў-удзельніцаў: з прэзідэнтамі Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Польшчы, Эстоніі, Албаніі, а таксама з міністрам транспарту Турцыі, міністрам па еўрапейскіх справах Іспаніі і памочнікам сакратара ЗША па энергетыцы.
Акрамя таго, у Варшаве Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, у якім падкрэсліла, што вызваленне палітычных зняволеных застаецца галоўным прыярытэтам, і для гэтага вядуцца актыўныя міжнародныя дзеянні.
ВІЗІТ У ВАЛЕНСІЮ
Святлана Ціханоўская з працоўным візітам наведала Валенсію, дзе прыняла ўдзел у Пленарным пасяджэнні Еўрапейскай народнай партыі (EPP). У сваёй прамове беларуская лідарка падкрэсліла, што без дэмакратычнай Беларусі не можа быць справядлівага і трывалага міру.
ВІЗІТ У ЗША
Святлана Ціханоўская распачала візіт у ЗША. Беларуская лідарка наведае Вашынгтон, Арызону і Тэхас, каб сустрэцца з прадстаўнікамі новай адміністрацыі, сенатарамі, кангрэсменамі і экспертнай супольнасцю. Свой візіт беларуская лідарка распачала з удзелу ў Sedona Forum. Галоўная мэта візіту: вярнуць Беларусь у амерыканскі парадак дня і нагадаць, што пытанне Беларусі — гэта пытанне бяспекі і інтарэс саміх ЗША.
IV КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ
23–25 траўня ў Варшаве пройдзе IV Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету! Рэгістрацыя па спасылцы.
СУСТРЭЧА Ў ЛІТОЎСКАЙ ВАЕННАЙ АКАДЭМІІ
Святлана Ціханоўская наведала Ваенную акадэмію імя генерала Ёнаса Жамайціса ў Вільнюсе, дзе сустрэлася з начальнікам штаба акадэміі Дэнісам Старыковічусам. Падчас візіту ў Ваенную акадэмію беларуская лідарка заклікала адрозніваць беларускі народ ад рэжыму і падкрэсліла важнасць супольнай барацьбы з дыктатурай і імперыялізмам. Яна звярнула ўвагу на гібрыдныя пагрозы, ролю Украіны ў бяспецы рэгіёна і гістарычную сувязь паміж народамі, падзякаваўшы Літве за салідарнасць і падтрымку.
ЛЯВОН МАРОЗАЎ ПРА СТАН ВІКТОРЫІ КУЛЬШЫ
Стала вядома, што палітзняволеная Вікторыя Кульша, якую будуць судзіць ужо ў пяты раз, абвясціла бестэрміновую галадоўку — шостую за час зняволення. Дарадца Ціханоўскай Леанід Марозаў заклікаў міжнародную супольнасць да тэрміновых дзеянняў, каб прадухіліць трагедыю: «Гэта наш агульны абавязак — не дапусціць, каб рэжым Лукашэнкі забіваў людзей у турмах. Маўчанне — гэта саўдзел. Часу ўсё менш. Але ён яшчэ ёсць».
ВЫЗВАЛЕННЕ ЮРАСЯ ЗЯНКОВІЧА
Юрый Зянковіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення, выйшаў на свабоду і выехаў у Літву. Святлана Ціханоўская прывітала Юрыя на волі: «Вызваленне аднаго — гэта крок наперад. Але нашая мэта — свабода для ўсіх».
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ПРА КАНСТЫТУЦЫЮ 1994
Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе, растлумачыў, чаму вяртанне да Канстытуцыі 1994 года — не выйсце для краіны, якая імкнецца да дэмакратыі. Таксама палітык распавёў, што ўжо зроблена для стварэння сучаснай і справядлівай сістэмы кіравання.
ДЗЕНЬ СВАБОДЫ ПРЭСЫ
3 траўня адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «Мы можам падтрымаць незалежных журналістаў: чытаць, а калі бяспечна — каментаваць, падпісвацца, распавядаць іншым, данаціць. Бо пакуль жыве незалежная журналістыка — жыве сувязь паміж намі».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ПРА ДАПАМОГУ І САЛІДАРНАСЦЬ
Святлана Ціханоўская распавяла пра ўдзел у зборы гуманітарнай дапамогі для ўкраінскіх дзяцей-сіротаў і пажылых людзей з інваліднасцю. Ціханоўская заклікала беларусаў далучацца да абвешчанага збору і іншых ініцыятыў: «Паверце, нават маленькі крок, маленькая дапамога вартыя многага, і людзі, якія маюць патрэбу, гэта вельмі моцна цэняць».
ДЗЕНЬ ПРАЦЫ
Святлана Ціханоўская — з нагоды 1 траўня: «Клопат пра чалавека і падтрымка — вось што павінна быць у цэнтры ўвагі дзяржавы. Бо людзі не вінцікі. Людзі — нашая найвышэйшая каштоўнасць. І гэты дзень не свята пустых лозунгаў, а даніна павагі ўсім, хто сваёй працай стварае лепшую Беларусь».
ВЫНІКІ МЕСЯЦА
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс галоўных падзеяў, новых даследаванняў і значных дасягненняў беларускіх актывістаў і арганізацыяў у красавіку.
МЕДЫЯ
BBC (Міжнароднае), Fakt (Польшча), Hoover Institution (ЗША), NEXTA (Беларусь), TVP World (Польшча), CNN Prima News (Чэхія), Pozirk (Беларусь), Kresy 24 (Польшча), Радыё Свабода (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Pozirk (Беларусь).