• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, сустрэча з Юліяй Навальнай. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 12-18 лютага 2024

    18 лютага, 2024

    МЮНХЕНСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ. 15-18 лютага Святлана Ціханоўская прымала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Падчас форума беларуская лідарка ўдзельнічала ў чатырох панэльных дыскусіях. Яны былі прысвечаныя кібербяспецы, абароне дэмакратыі і супрацьстаянні інфармацыйным маніпуляцыям, грамадзянскаму супраціву і ролі жанчынаў у барацьбе за дэмакратыю.

    Акрамя таго, Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў на высокім узроўні: з дзяржсакратаром ЗША, Міністрамі замежных спраў: Ірландыі, Аргенціны, Германіі, Канады, Партугаліі, Эстоніі, міністрамі абароны Латвіі і Эстоніі, старшынямі Рады Еўропы і АБСЕ, прэзідэнтам ПА НАТА, амерыканскімі кангрэсменамі і сенатарамі, кіраўніцтвам Signal і OpenAI, Microsoft i Google і інш. Падчас сустрэчаў лідарка ўзнімала пытанні вызвалення палітвязняў, дапамогі беларускім медыя і грамадзянскай супольнасці, прыцягнення рэжыму і яго памагатых да адказнасці, легалізацыі беларусаў за мяжой і падтрымкі новага беларускага пашпарта. 

    СМЕРЦЬ НАВАЛЬНАГА. 16 лютага ў сеціве з’явіліся навіны пра смерць Аляксея Навальнага ў расійскай калоніі. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Гэтая смерць – чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненні захаваць уладу, пазбаўляецца ад апанентаў любымі спосабамі. Менавіта таму ў мяне няма сумневаў у тым, што Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым».

    У той жа дзень на палях Мюнхенская канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская сустрэлася з жонкай Навальнага Юліяй і выказала шчырыя спачуванні.

    БЕЗВЫБАРЫ. Офіс Святланы Ціханоўскай і дэмакратычныя сілы працягваюць кампанію супраць так званых «выбараў» у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запісаў відэа, дзе на прыкладах патлумачыў, чаму «Адзіны дзень галасавання» – гэта безвыбары. «Тое, што рэжым называе выбарамі – гэта цырк і правакацыя. У большасці акругаў праўладныя партыі спаборнічаюць з праўладнымі. Імёны членаў выбарчых камісіяў засакрэчаныя. Міжнародных назіральнікаў не запрасілі. Рэжыму нават не хапае кандыдатаў, каб запоўніць імёнамі спісы для галасавання, і тым самым стварыць ілюзію канкурэнцыі. Усё гэта паказвае, што справы ў рэжыму дрэнь», – падкрэсліў дарадца.

    ДАПАМОГА БЕЛАРУСАМ. Па розных ацэнках, пасля 2020 года больш за паўмільёна чалавек пакінулі Беларусь. Для многіх, хто застаецца ў краіне, кожны дзень звязаны з рызыкай быць затрыманым і асуджаным за лайк ці рэпост. Калі вы сутыкнуліся з рэпрэсіямі і адчуваеце неабходнасць пакінуць краіну, ведайце, што вы не адныя. Звяжыцеся з праваабарончымі арганізацыямі і паведаміце ім аб існуючай сітуацыі. Мы сабралі партнёрскія ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай, якія могуць вам дапамагчы. Спіс глядзіце па спасылцы.

    БЕЛАРУСЬ-ЗША. 14 лютага Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе новую амбасадарку ЗША ў Літве Кару Макдональд. Падчас размовы беларуская лідарка надала асаблівую ўвагу крытычнай сітуацыі з палітвязнямі і магчымым крокам па іх вызваленні. Таксама бакі абмеркавалі крокі па развіцці Стратэгічнага дыялогу і магчымае супрацоўніцтва па лініях ААН і гуманітарных арганізацыяў.

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Многія беларускія палітвязні зараз знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. Дэмакратычная лідарка звярнулася да беларусаў з заклікам працягваць падтрымку палітзняволеных: «Ужо 363 дні няма вестак ад Марыі Калеснікавай. Ад Максіма Знака – 369 дзён. Ад Віктара Бабарыкі – 292. 358 дзён – ад Ігара Лосіка. Ад майго мужа Сяргея Ціханоўскага я не маю вестак ужо 341 дзень. Вельмі доўгі час мы нічога не ведаем пра месцы іх утрымання, стан здароўя. Магчыма, яшчэ шмат людзей знаходзяцца ў такой жа сітуацыі – мы можам проста пра гэта не ведаць».

    ЭКАНОМІКА Ў БЕЛАРУСІ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч распавёў, хто і колькі пазычае Лукашэнку, а таксама патлумачыў, чаму беларусам не трэба будзе цалкам вяртаць даўгі. «Расіі мы вінныя 2/3 вонкавага дзяржаўнага доўгу – гэта больш за 10 млрд. даляраў. Аднак ёсць вялікая верагоднасць, што беларусам не прыйдзецца вяртаць усе пазыкі. Можна распачаць міжнародны судовы працэс, каб прызнаць крэдыты, што Расія давала Лукашэнку прынамсі пасля 2020-га, несапраўднымі. Бо Лукашэнка не з’яўляецца легітымна абраным кіраўніком Беларусі», – адзначыў Аляхновіч.

    ПАДРЫХТОЎКА РЭФОРМАЎ ДЛЯ НОВАЙ БЕЛАРУСІ. 14 лютага Ціханоўская прыняла ў сваім офісе Кевіна Касаса-Самора, генеральнага сакратара International IDEA, міжурадавай арганізацыі, якая займаецца падтрымкай дэмакратычных інстытутаў і выбараў. Дамовіліся на супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі рэформаў для новай Беларусі, выбарчага заканадаўства, а таксама ўдасканалення праекту Канстытуцыі. 

    МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. 13 лютага Лукашэнка на чарговай нарадзе падкрэсліў, што няма неабходнасці шукаць нешта новае для адукацыі моладзі – хапае савецкіх напрацовак. Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву звярнула ўвагу на тупіковасць такога стаўлення Лукашэнкі ў дачыненні да маладых беларусаў і беларусак: «Нас абвінавачваюць у тым, што мы прагнем атрымліваць адукацыю за мяжой. Але беларуская адукацыя ўжо даўно састарэла. Яна рыхтуе не спецыялістаў, а выканаўцаў, зручных рэжыму. У беларускія ВНУ не ідуць па веды – туды ідуць па вокладку».

    АДУКАЦЫЯ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала новыя «ініцыятывы» рэжыму ў сферы вышэйшай адукацыі: ад вяртання да савецкай спадчыны замест рэформаў да забароны на навучанне моладзі за мяжой. «Улічваючы характар ​​праўлення Лукашэнкі, можна рэзюмаваць: ён сціпла замаўчаў пра ўласны ўклад у цяперашні крызіс вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Але паколькі працаваць над сабой ён відавочна не збіраецца, то разрадзіўся крэатыўным палітычным рашэннем. Каб моладзь заставалася вучыцца ў Беларусі, да 1 верасня рэктарам даручана… Зрабіць так, каб ніхто не з’язджаў!»

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю AP News (Міжнароднае), Niezalezna.pl (Польшча), The Record media, Kyiv Independent (Украіна), Die Welt (Германія), Deutschlandfunkkultur (Германія), LRT (Літва).

    Апошнія навіны