Беларуская лідарка, разам з прадстаўніком па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерам Кавалеўскім, сустрэлася з Йенам Боргам, міністрам замежных справаў Мальты, якая зараз старшынюе ў АБСЕ, а таксама з Дамінікай Хакслер, міністаркай замежных справаў Ліхтэнштэйна. На дадзены момант Ліхтэнштэйн старшынюе ў Радзе Еўропы.
Святлана Ціханоўская заклікала міністраў да тэрміновых дзеянняў па вызваленні беларускіх палітвязняў і падкрэсліла, што гэта становіцца крытычна важна на фоне смерці Навальнага. Асобна лідарка распавяла пра праблемы беларусаў у выгнанні і спробы Расіі падарваць беларускі суверэнітэт.
На сустрэчы бакі абмеркавалі працяг партнёрства, фармалізацыю адносінаў з дэмакратычнай Беларуссю і супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях, а менавіта – у АБСЕ і Радзе Еўропы. Нагадаем, што зараз у Радзе Еўропы працуе Кантактная група, а ў АБСЕ – група сяброў Беларусі.
Міністр замежных справаў Борг запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Мальту і ўзяць удзел у мерапрыемствах АБСЕ. Акрамя таго, палітыкі абмеркавалі магчымасць правядзення слуханняў па Беларусі ў Радзе бяспекі, так як Мальта зʼяўляецца сябрам Рады бяспекі, а ў красавіку – будзе яе старшынёй.
Таксама бакі пагаварылі пра варыянты дзеянняў па прыцягненню рэжыму да адказнасці ў міжнародных судах і супрацоўніцтва ў рамках ААН. Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская падзякавала міністрам за падтрымку ў Радзе Еўропы і заклікала пашыраць удзел беларусаў у працы арганізацыі.