Таццяна Шчытцова – дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі – каментуе новыя «ініцыятывы» рэжыму ў сферы вышэйшай адукацыі: ад вяртання да савецкай спадчыны замест рэформаў да забароны на навучанне моладзі за мяжой.
«Учора Лукашэнка сканфузіўся, можна сказаць, паказальным чынам – дзіва, што 13 лютага: і месяц дэпрэсіўны, і дата трывожная. На сустрэчы з рэктарамі ён не ўтрымаўся і проста выдаў на-гара ўсё, што мучыць душу: кваліфікаваных кадраў у краіне крытычна не хапае, а моладзь скардзіцца на якасць адукацыі ў беларускіх ВНУ і з’язджае вучыцца за мяжу. Што ж, задача зразумелая: трэба зрабіць так, каб не з’язджала!
Канфуз, вядома, не ў самім факце канстатацыі праблемаў. Наадварот, вырашэнне любых праблемаў пачынаецца з іх прызнання. За гэта можна нават пахваліць тырана, які расхваляваўся. Канфуз у тым, што Лукашэнка замаўчаў аб рэальных прычынах крызісу сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Гэта, у прыватнасці:
- нізкі ўзровень акадэмічнай свабоды;
- вертыкальная сістэма кіравання, якая душыць ініцыятыву;
- хранічнае недафінансаванне сферы адукацыі;
- адток высокапрафесійных кадраў.
У рэйтынгу па індэксе акадэмічнай свабоды Беларусь знаходзіцца на 5 месцы знізу са 179 краінаў – адразу за Сірыяй, абагнаўшы толькі Туркменістан, Эрытрэю, М’янму і Паўночную Карэю.
Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў адукацыі зніжаецца больш за 15 гадоў. У верасні 2023-га яна была істотна ніжэйшай за сярэднерэспубліканскі ўзровень, 69%. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата прафесарска-выкладчыцкага складу ў верасні 2023-га істотна ніжэйшая за ўзровень 2012 года. Расходы на вышэйшую адукацыю ў адносінах да ВУП зніжаюцца на працягу больш як 15 гадоў, упаўшы за гэты час больш як на чвэрць.
Адзначаецца істотнае скарачэнне навуковых кадраў. Па дадзеных на 2022 год у нас самы нізкі за апошнія 20 гадоў паказчык – ніжэй, чым у 2000 годзе! За апошнія 10 гадоў стала зніжаюцца паказчыкі па абароне дысертацыяў.
Пасля 2020-га да названых вышэй 4 прычынаў трэба яшчэ дадаць паслядоўную міжнародную ізаляцыю адукацыі і навукі ў нашай краіне.
Улічваючы характар праўлення Лукашэнкі, можна рэзюмаваць: ён сціпла замаўчаў пра ўласны ўклад у цяперашні крызіс вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Але паколькі працаваць над сабой ён відавочна не збіраецца, то разрадзіўся крэатыўным палітычным рашэннем. Каб моладзь заставалася вучыцца ў Беларусі, да 1 верасня рэктарам даручана… Зрабіць так, каб ніхто не з’язджаў!
Вось ужо сапраўды, у новым навучальным годзе сапраўды зажывём па-новаму!»