Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы беларуская лідарка правяла сустрэчы з былой спікеркай Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, лідарам парламенцкай меншасці і кіраўніком дэмакратаў Хакімам Джэфрысам, сустаршынёй беларускага кокусу Джо Уілсанам, а таксама з сенатарам Дэнам Саліванам і сенатаркай і сустаршынёй беларускага кокусу ў Сенаце Джын Шахін.
На сустрэчах абмяркоўваўся Стратэгічны дыялог «Беларусь-ЗША» і падрыхтоўка Акта «Аб дэмакратыі ў Беларусі», які цяпер разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў і Сенаце ЗША. Уздымалася таксама і пытанне прызначэння спецпасланніка па Беларусі – яно мае адбыцца ў найбліжэйшы час.
Асобную ўвагу падчас дыялогаў беларуская лідарка надала падтрымцы беларускіх незалежных журналістаў, грамадзянскай супольнасці, а таксама прыцягненню рэжыму да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе і судзе ААН. Акрамя таго, абмеркавалі неабходнасць больш эфектыўнага ціску на рэжым. Лідарка падкрэсліла: пры прыняцці абмежаванняў трэба ясна прагаворваць патрабаванне вызвалення палітвязняў. Святлана Ціханоўская таксама звярнула ўвагу палітыкаў на крытычную сітуацыю з палітвязнямі і адзначыла: на фоне смерці Навальнага неабходна прыняць усе магчымыя захады па іх вызваленні і дабівацца допуску для адвакатаў і родных.
Асобна палітыкі абмеркавалі магчымыя санкцыі супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі за падрыў беларускага суверэнітэту і саўдзел у ваенных злачынствах.
Беларуская лідарка прапанавала сенатарам і кангрэсменам правесці беларуска-амерыканскую канферэнцыю высокага ўзроўню, дзе будзе абмеркаваная стратэгія і доўгатэрміновае супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі, амерыканскім урадам і Кангрэсам.