У эксклюзіўным каментары камандзе Офіса паводле інтэрв’ю каналу «Жыццё-маліна», дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч распавёў, хто і колькі пазычае Лукашэнку, а таксама патлумачыў, чаму беларусам не трэба будзе цалкам вяртаць даўгі.
«Расіі мы вінныя 2/3 вонкавага дзяржаўнага доўгу – гэта больш за 10 млрд. даляраў». Аднак ёсць вялікая верагоднасць, што беларусам не прыйдзецца вяртаць усе пазыкі: «Можна распачаць міжнародны судовы працэс, каб прызнаць крэдыты, што Расія давала Лукашэнку прынамсі пасля 2020-га, несапраўднымі. Бо Лукашэнка не з’яўляецца легітымна абраным кіраўніком Беларусі».
У якасці прыкладу Аляхновіч прывёў Украіну. У 2013 годзе Расія пазычыла тагачаснаму прэзідэнту Януковічу 3 млрд. даляраў – каб замест еўраінтэграцыі ён падпісаў пагадненне з Еўразійскім эканамічным саюзам, дзе дамінуе Расія. Пасля гэтага адбыўся Майдан. «Прайшло 10 гадоў, Украіна судзіцца і ні цэнта не вярнула Расіі. Так што вяртаць усе 10 мільярдаў нам не спратрэбіцца», – падсумаваў дарадца.
Як пабудаваць эканоміку новай Беларусі такім чынам, каб не залежаць ад пазыкаў? Алесь Аляхновіч адказаў на гэтае пытанне камандзе Офіса.
- Калі Беларусь пачне працэс дэмакратызацыі, санкцыі супраць яе будуць хутка замарожаныя, а потым і цалкам адмененыя. Зноў пачне развівацца прыватны бізнес, вярнуцца і прыйдуць новыя замежныя інвестары, што выкліча хуткі эканамічны рост.
- Трэба правесці інстытуцыйныя рэформы, якія павялічаць эфектыўнасць эканомікі. На сайце Банка ідэяў можна даведацца пра некаторыя з неабходных эканамічных рэформаў. Сярод іх – рэструктурызацыя і прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў, рэформы рынку працы, сямейнай і падатковай палітыкі, зялёная эканоміка, а таксама пенсійная рэформа.