СУСТРЭЧА З АФІЦЫЙНЫМІ АСОБАМІ НАТА
Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. У рамках Паўночнаатлантычнай Рады беларуская лідарка правяла брыфінг для пастаянных прадстаўнікоў усіх краін-удзельніц Альянсу. Агулам перамовы доўжыліся больш за 4 гадзіны. Дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і НАТА будзе працягвацца па палітычным напрамку.
ГАДАВІНА ДНЯ ПЕРАМОГІ
9 траўня 2024 года – 79 гадавіна Дня Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Гэты дзень нагадвае нам пра тое, да чаго вядзе беспакаранасць і неабмежаванасць улады. Калі тыраны ў імя ідэалогіі і ўласных амбіцыяў гатовыя прыносіць у ахвяру жыцці людзей».
ВІЗІТ У КОЎНА
Упершыню Святлана Ціханоўская наведала Коўна. Беларуская лідарка выступіла з адкрытай лекцыяй у Ковенскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага. Лекцыя была прысвечана рэгіянальнай бяспецы і ролі ў ёй Беларусі. Ціханоўская прадставіла Тры сцэнары развіцця сітуацыі ў рэгіёне. Пасля лекцыі адбылася двухгадзінная дыскусія, падчас якой Святлана адказала на пытанні студэнтаў. Таксама беларуская лідарка ўшанавала памяць Клаўдзія Дуж-Душэўскага – выбітнага беларускага дзеяча, аўтара нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга, які пахаваны ў Коўне.
КАНГРЭС ПА ПАЛІТЫЧНЫХ ЗНЯВОЛЕНЫХ
З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе разам з беларускімі праваабаронцамі, актывістамі і структурамі дэмакратычных сілаў, правядзе Кангрэс па палітычных вязнях. Мерапрыемства пройдзе 23-25 траўня ў Празе.
ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСА, ЗАТРЫМАНАГА Ў АРМЕНІІ
Напачатку 2024 года беларуса Яраслава Новікава затрымалі на мяжы Грузіі з Арменіяй. На гэтым тыдні армянскі бок афіцыйна паведаміў, што Яраслаў атрымаў статус уцекача – і яму больш не пагражае экстрадыцыя. Святлана Ціханоўская: «Спадзяюся, гэтая справа стане пазітыўным прэцэдэнтам – і дапаможа надалей больш аператыўна вырашаць пытанні, звязаныя з бяспекай беларусаў».
ЯК СУПРАЦЬДЗЕЙНІЧАЦЬ ІНДАКТРАНАЦЫІ ПРАЗ АДУКАЦЫЮ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі Таццяна Шчытцова дала інтэрв’ю газеце «Новы Час». У ім яна расказала пра спробы дзяржавы выхоўваць лаяльнасць і ідэалагічнае адзінства сярод моладзі, інтэгруючы расійскія наратывы і ваенныя элементы ў адукацыйны працэс. Шчытцова выказвае асцярожны аптымізм адносна магчымасцяў супрацьстаяць індактрынацыі і падкрэслівае важнасць захавання незалежнага мыслення сярод моладзі.
ДАПАМОГА ПАЛІТВЯЗНЯМ
Былая палітзняволеная Ася Булыбенка далучылася да каманды праекту «Вольныя паштоўкі», які вядзе Офіс Святланы Ціханоўскай. Праект «Вольныя паштоўкі» распавядае гісторыі беларускіх палітвязняў і збірае дапамогу ў іх падтрымку.
РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ
10 траўня ў асабістых размовах з беларусамі разам са Святланай Ціханоўскай узяла ўдзел дарадца па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Даведацца, што такое асабістыя размовы і як на іх трапіць, можна па спасылцы.
ЯК ПАДТРЫМКА ДЭМАКРАТЫЧНАЙ БЕЛАРУСІ ЎПЛЫВАЕ НА БЯСПЕКУ ЕЎРОПЫ?
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны рыторыка рэжыму стала найбольш агрэсіўнай. Каманда Офіса вырашыла патлумачыць, чаму Святлана Ціханоўская падкрэслівае ў кожным выступе, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі – не проста гуманітарная, але і стратэгічная неабходнасць для бяспекі Еўропы.
МЕДЫЯ
Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Aftenposten (Нарвегія), Wirtualna Polska (Польшча), TVN (Польшча), выйшаў першы выпуск шоу «Без ретуши», запушчанага «Маланка» і KANAPLEV+LEIDIK.