Беларуская лідарка наведала Коўна ўпершыню. На Пятрашунскіх могілках Ціханоўская наведала магілу Клаўдзія Дуж-Душэўскага – выбітнага беларускага дзеяча, вядомага як аўтар нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга. Таксама ён вёў актыўную філалагічную, журналісцкую і літаратурную працу. У прыватнасці, разам з Вацлавам Ластоўскім выдаваў часопіс «Крывіч», стварыў мноства якасных перакладаў падручнікаў па батаніцы, матэматыцы, гісторыі для беларускамоўных школ. Акрамя таго, Дуж-Душэўскі быў дыпламатычным прадстаўніком Рады БНР у дзяржавах Балтыі. Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць выбітнага беларуса ўскладаннем кветак на яго магілу.
Таксама беларуская лідарка выступіла ў Ковенскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага з лекцыяй і адказала на пытанні студэнтаў – з Літвы, Беларусі, Украіны, Іспаніі, Францыі, Албаніі ды іншых краінаў. Дыскусія доўжылася дзве гадзіны і была прысвечаная пытанням бяспекі, вызвалення палітвязняў, выдачы праязных дакументаў для беларусаў.