Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны рыторыка рэжыму стала больш агрэсіўнай, у тым ліку ў адносінах да суседніх краінаў. Зыходзячы з гэтага, мы вырашылі патлумачыць, чаму Святлана Ціханоўская падкрэслівае ў кожным выступе на міжнароднай арэне: падтрымка дэмакратычнай Беларусі – не проста гуманітарная, але і стратэгічная неабходнасць для бяспекі Еўропы.
Антываенныя настроі беларусаў — абарона ад вайны
Настроі абсалютнай большасці грамадства – ключавы фактар, з-за якога беларускае войска ўсё яшчэ не стала паўнавартаснай саўдзельніцай агрэсіі РФ. Другая сусветная вайна, якая прайшла па ўсёй тэрыторыі нашай краіны, закранула кожную сям’ю – забрала жыцці блізкіх і родных, разбурыла быт, знішчыла маёмасць. Па сутнасці, вайна стала цяжкай асабістай гісторыяй кожнага з нас. Для беларусаў не існуе наратыву «можам паўтарыць». Ёсць толькі «ніколі зноў».
Будучыня Беларусі — гэта супрацоўніцтва з суседзямі, а не вайна
Будучыня, якую хочуць беларусы для сябе і сваіх дзяцей, – гэта мір, а не вайна. Партнёрства і мірнае суіснаванне з усімі суседзямі, у тым ліку з заходнімі краінамі – важны прыярытэт для дэмакратычнай Беларусі. Нам няма чаго дзяліць з суседзямі.
Лукашэнка не ў сілах супрацьстаяць ціску Пуціна ў пытаннях саўдзелу ў вайне
Супраціў Лукашэнку Пуціну – ілжывы прапагандысцкі наратыў. Відавочна, што Лукашэнка робіць менавіта тое, што патрабуе Пуцін: дае беларускія чыгункі і аэрапорты ў якасці інфраструктуры для вядзення баявых дзеянняў, шпіталі – для лячэння параненых расійскіх вайскоўцаў, палігоны – для навучання мабілізаваных. Акрамя таго, рэжым дазволіў Крамлю арганізаваць атаку ўкраінскіх пазіцыяў са сваёй тэрыторыі, падтрымаў Маскву боепрыпасамі, а таксама падахвоціўся апекаваць ПВК «Вагнер» летам 2023 года.
Лукашэнка гатовы даць Пуціну тэрыторыю Беларусі для паўторнага нападу на Украіну ці краіны ЕС
Калі Пуцін гэтага захоча, няма сумневаў, што так і будзе. У 2020 годзе Лукашэнка запэўніваў: з тэрыторыі Беларусі напады на Украіну ніколі не здарыцца. Былі людзі, якія гэтаму верылі, аднак зараз відавочна – ніякія абяцанні рэжыму нельга ўспрымаць сур’ёзна. Пасля таго як тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для нападу на Украіну, не існуе ніякіх «гарантыяў бяспекі». З дыктатарамі нельга дамаўляцца, і тым больш – спадзявацца на іх абяцанні.
Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі — пагроза для беларусаў
Рашэнне аб выкарыстанні ядзернай зброі прымаюцца ў Крамлі. Калі Пуцін вырашыць атакаваць Украіну ці любую іншую краіну, то зваротны ўдар прыйдзецца менавіта па нашай тэрыторыі. Для Крамля беларусы – жывы шчыт, якім прыкрываецца Масква. Гэта ператварае Беларусь у мішэнь. І як мінімум таму ядзерная зброя павінна быць вернутая ў Расію.
Падтрымка дэмакратычнай Беларусі – гэта не гуманітарная акцыя, а інвестыцыя ў бяспеку ўсяго рэгіёну
Прарэжымная Беларусь – марыянетка ў руках Крамля. Дэмакратычныя змены ў краіне – гэта тое, што дазволіць Беларусі перастаць быць пагрозай для суседзяў, і стаць адказным партнёрам Еўропы і плацдармам бяспекі для рэгіёна.