25 сакавіка Святлана Ціханоўская скончыла візіт у Берлін. Там яна выступіла са штогадовай «Берлінскай прамовай свабоды» каля Брандэнбургскай брамы, правяла працоўныя сустрэчы з міністрам фінансаў Германіі Крысціянам Лінднэрам, дарадцам канцлера Германіі Енсам Плетнерам, амбасадаркай ЗША ў Германіі Эмі Гутман.
Таксама ў Берліне Ціханоўская адкрыла працу дэпутацкай групы «Дэмакратычная Беларусь» у Бундэстагу і выступіла перад Камітэтамі па замежнай палітыцы і еўрапейскіх справах. Акрамя таго, яна сустрэлася з беларусамі Германіі і экспертнай супольнасцю.
- Іншыя вынікі візіту – сцісла:
– Германія працягне выдачу візаў у Мінску, абмежаванняў на колькасць гуманітарных візаў не будзе.
– Будзе павялічаная падтрымка беларускіх незалежных медыя, у т.л. беларускай службы Deutsche Welle.
– Ціханоўская папрасіла МЗС Германіі пра дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне. Размова ішла пра перадачу аўтамабіляў для палка Каліноўскага.
– Абмеркавалі супольныя захады па ціску на рэжым, каб не дапусціць размяшчэння ядзернай зброі, а таксама дабіцца вызвалення палітвязняў.
– Нямецкія дэпутаты далучацца да міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 21 траўня.
– З амбасадаркай ЗША дамовіліся арганізаваць сустрэчу для прадстаўнікоў беларускага бізнесу і амерыканскіх кампаніяў у Германіі.
– Увосень адбудзецца вялікая сустрэча прадстаўнікоў парламенцкіх групаў з 17 краінаў.
– Ціханоўская прапанавала разглядзець індывідуальныя санкцыі ЕС супраць суддзяў і пракурораў, якія ўдзельнічаюць у палітычных справах.
– Дамовіліся на летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Ванкуверы правесці слуханні ці сайд-івэнт па Беларусі.
– Ціханоўская папрасіла не накіроўваць новага пасла Германіі ў Мінск і не ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку.
– Размаўлялі таксама пра стварэнне спецыяльнага трыбуналу па Беларусі і прыцягненне да адказнасці памагатых рэжыму.