У Еўрапейскім парламенце ў Бруселі пройдзе канферэнцыя высокага ўзроўню, прысвечаная перспектывам і выклікам дэмакратычных рэформаў у Беларусі.
Канферэнцыя арганізаваная Еўрапейскім парламентам сумесна з Міжнародным інстытутам дэмакратыі і садзейнічання выбарам (International IDEA) пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Гэта пятая падзея за апошнія два гады, якая прысвечаная рэформам, прапанаваным беларускімі дэмакратычнымі сіламі, і намаганням міжнароднай супольнасці па падтрымцы беларускага народа.
Канферэнцыю адкрыюць віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Эва Копач, Еўракамісарка па пытаннях пашырэння Марта Кос, лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар International IDEA Кевін Касас-Замора. У мерапрыемстве таксама прыме ўдзел кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас.
Канферэнцыя будзе складацца з пяці панэляў:
- Панэль I: Садзейнічанне дэмакратычным пераўтварэнням і абароне правоў чалавека ў Беларусі;
- Панэль II: Аднаўленне даверу грамадства да дзяржаўных інстытутаў праз пераходную юстыцыю;
- Панэль III: Удасканаленне дэмакратычнага кіравання праз рэформу пракуратуры;
- Панэль IV: Забеспячэнне добрасумленнасці: камітэт па этыцы і барацьбе з карупцыяй на дзяржаўнай службе;
- Панэль V: Нагляд на практыцы: роля Кантрольнай палаты ў дэмакратычным кіраванні.
Падчас канферэнцыі выступяць вядомыя еўрапейскія палітыкі, беларускія дэмакратычныя лідары(-кі) і міжнародныя эксперты(-кі) у сферы права і дзяржаўнай палітыкі.
Мэта канферэнцыі — падтрымаць распрацоўку канцэпцыяў рэформаў у Беларусі праз стварэнне платформы для дыялогу паміж беларускім дэмакратычным рухам, дэпутатамі(-камі) Еўрапарламента, Еўрапейскай камісіяй, Службай знешняга дзеяння, прававымі экспертамі(-камі) і прадстаўнікамі(-цамі) міжнародных арганізацыяў і дзяржаў-членаў ЕС.
Важна! Для СМІ будуць даступныя адкрыццё канферэнцыі (9:00–9:45 CET) і выступ Каі Калас (14:15–14:30 CET). Астатняя частка канферэнцыі пройдзе непублічна. Глядзець адкрыццё і выступ Каі Калас можна ў прамым эфіры.
Падрабязнасці даступныя на сайце Еўрапейскага парламента.
