Нагадаем свету пра Беларусь 25 сакавіка!
Кожны год 25 сакавіка беларусы адзначаюць вельмі важны дзень для сучаснай гісторыі нашай краіны. Дзень Волі – гэта не проста гадавіна абвяшчэння незалежнасці БНР. Гэта свята нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і напамін аб тым, што незалежнасць заўсёды ідзе побач з роднай культурай, мовай і традыцыямі.
Дзень Волі яднае сотні тысячаў беларусаў па ўсяму свету цягам дзесяцігоддзяў. Кожнае 25 сакавіка беларусы і беларускі ладзяць мерапрыемствы, выходзяць на акцыі і маршы, і 2024 год не будзе выключэннем.
Святлана Ціханоўская: «Амаль у кожным куточку свету ёсць беларусы з рознымі гісторыямі. Хтосьці з’ехаў учора, а хтосьці шмат гадоў таму. Хтосьці нават нарадзіўся ў іншай краіне, але ўсё адно адчувае сябе беларусам, бо шануе свае карані. Наша любоў да Беларусі і жаданне бачыць яе свабоднай збліжае нас, дзе б мы не былі. Нягледзячы на тысячы кіламетраў, што могуць аддзяляць нас ад роднай зямлі, мы знаходзім шляхі, каб яднацца і падтрымаць адзін аднаго. Паказаць, што мы побач. Менавіта таму нашая салідарнасць – гэта тое, што заўсёды бясконца мяне натхняла.
Так, у сучасным свеце існуе шмат праблемаў і, мабыць, Беларусь зараз не ў цэнтры ўвагі. Але менавіта на такія святы, як Дзень Волі, мы можам гучна нагадаць усяму свету пра Беларусь. Нагадаць аб тым, што нашая моц у еднасці, супрацоўніцтве і ўзаемападтрымцы. Паказаць, што, нягледзячы на ўсе выклікі і цяжкасці, мы захоўваем і шануем нашыя традыцыі, культуру і гісторыю, якія робяць нас унікальнымі».
Што вы можаце зрабіць, калі знаходзіцеся за мяжой?
📌 Арганізуйце ці далучайцеся да акцыяў і маршаў у сваім горадзе;
📌 Ахвяруйце грошы на дапамогу беларусам праз дабрачынныя фонды: BySol, Краіна для жыцця, Dissident BY, Politzek.me, Вясна, INeedHelpBY, #BY_help, Littouwin Lions Club, Палітвязынка, Digital Solidarity;
📌 Напішыце ліст палітвязню ці зладзьце падпісанне паштовак разам з сябрамі. Гэта таксама можна зрабіць праз ініцыятывы: Вясна, Politzek, Dissidentby, Майстэрня паштовак;
📌 Вывесіце беларускі нацыянальны сцяг з акна ці балкона свайго дамоў;
📌 Падтрымайце беларускі бізнес за мяжой;
📌 Зрабіце ў сваіх сацсетках пасты-віншаванні з Днём Волі.
Дасылайце інфармацыю пра вашыя акцыі, маршы і мерапрыемствы ў тэлеграм-бот @AskOffice_bot. Мы будзем збіраць гэтую інфармацыю і бліжэй да Дня волі апублікуем спіс актыўнасцяў беларусаў па ўсім свеце.
Часам нам можа здавацца, што маленькіх дзеянняў недастаткова, але менавіта з іх складаецца вялікая справа!