ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
19 сакавіка былі вызвалены 250 палітвязняў — 15 з якіх былі прымусова дэпартаваны ў Літву, 235 дазволілі застацца ў Беларусі. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «Я шчыра ўдзячная Дональду Трампу, Джону Коўлу, Крысу Сміту і амерыканскай адміністрацыі, якая нястомна працуе над вызваленнем людзей. Гэтыя гуманітарныя намаганні даюць вынік і ратуюць жыцці. Я таксама дзякую ўсім нашым партнёрам, якія разам з намі настойліва дамагаюцца вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсіяў і сапраўдных пераменаў у Беларусі».
ВІЗІТ У БРУСЕЛЬ
Святлана Ціханоўская ў Бруселі прыняла ўдзел у пашыраным саміце Еўрапейскай народнай партыі, выступіла перад амбасадарамі краінаў НАТА, удзельнічала ва ўрачыстай цырымоніі да 50-годдзя ЕНП, правяла сустрэчы з еўрапейскімі лідарамі і выступіла ў Каледжы Еўропы. Асноўны фокус — падтрымка палітвязняў, узмацненне ціску на рэжым, бяспека рэгіёна і захаванне Беларусі ў цэнтры ўвагі Еўропы.
ПРАЦА ОФІСА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ У ВІЛЬНІ
У Вільнюсе дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчы з амбасадаркай Ірландыі Шэйнай МакХ’ю, амбасадаркай Францыі Люсі Стэпанян, амбасадарам Італіі Эмануэле дэ Майгрэ і амбасадарам Нарвегіі Атле Конта Мідтунам. Сустрэчы былі прысвечаныя падтрымцы палітвязняў і развіццю міжнароднага супрацоўніцтва. Ірландыя далучылася да Міжнароднага гуманітарнага фонду і выдзеліла 20 тысячаў еўра. З Францыяй абмеркавалі культурніцкія праекты і супольныя мерапрыемствы ў Вільнюсе. З Італіяй працягнулі дыялог пра далучэнне да гуманітарнага фонду, а з Нарвегіяй — яго далейшае развіццё і ідэю канферэнцыі па энергетычнай бяспецы. Вільнюс застаецца ключавым цэнтрам міжнароднай працы дэмакратычных сілаў Беларусі.
ДЫСКУСІЯ «ЯК БАРАНІЦЬ БЕЛАРУСКУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ: РОЛЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ»
20 сакавіка ў Варшаве Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у дыскусіі пра ролю інтэлігенцыі ў абароне незалежнасці Беларусі. Сустрэча аб’яднала прадстаўнікоў дэмакратычных структураў, экспертаў і культурніцкай супольнасці. Удзельнікі абмеркавалі, як захаваць сувязь з Беларуссю, узмацніць ролю інтэлігенцыі і падтрымліваць творцаў ва ўмовах рэпрэсіяў.
СУСТРЭЧА Ў СЕЙМЕ ЛІТВЫ
17 сакавіка ў Сейме Літвы адбылася сустрэча прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай з літоўскімі сацыял-дэмакратамі, дзе абмеркавалі заканадаўчыя пытанні, што закранаюць беларусаў у Літве. Ключавыя тэмы — непрыраўноўванне беларусаў да расіянаў, права валодання нерухомасцю і ўдзел у мясцовых выбарах, а таксама абмеркаванне падтрымкі да важных датаў: Дзень салідарнасці з Беларуссю, Дзень Волі і 40‑годдзя Чарнобыльскай трагедыі.
ПАСЯДЖЭННЕ ЭКСПЕРТНАГА КЛУБА «ПРАФЕСІЙНА АБ АКТУАЛЬНЫМ»
У Варшаве адбылося пасяджэнне Экспертнага клуба, дзе ўдзельнікі абмеркавалі ролю Канстытуцыі ў аднаўленні дэмакратычнай Беларусі і падкрэслілі неабходнасць яе павагі. Вынікам сустрэчы стаў кансэнсус пра важнасць ужо сённяшняй падрыхтоўкі канстытуцыйных і заканадаўчых рэформаў.
ПАДРЫХТОЎКА ДА ДНЯ ВОЛІ-2026
25 сакавіка адбудзецца 108-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Каб аб’яднаць беларусаў і беларусак па ўсім свеце, у розных краінах пройдуць імпрэзы, сустрэчы, акцыі і культурніцкія падзеі, прысвечаныя гісторыі БНР і сучаснай барацьбе за свабодную Беларусь.
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс мерапрыемстваў і інтарактыўную мапу. Далучайцеся ў сваім горадзе!
ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА НОВЫ ЗАКОН АБ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯХ
16 сакавіка Лукашэнка падпісаў новы закон, які змяняе парадак стварэння палітычных партыяў. Сутнасць закона — узмацненне кантролю дзяржавы над стварэннем і дзейнасцю палітычных партыяў, ускладненне іх рэгістрацыі і фактычнае абмежаванне палітычнай канкурэнцыі. Святлана Ціханоўская адрэагавала на новы закон: «Лукашэнку не патрэбны партыі, ён баіцца любой канкурэнцыі, ён баіцца, што любыя сумленныя выбары папросту прайграе, і выберуць не яго».
МЕДЫЯ
Європейська правда (Украіна), Associated Press (Міжнароднае), Позірк (Беларусь), Deutsche Welle (Міжнароднае), Позірк (Беларусь), LTV Ziņu dienests (Латвія), Chayka (Латвія), Позірк (Беларусь), Позірк (Беларусь), Позірк (Беларусь).
