У Варшаве прайшло чацвёртае пасяджэнне Экспертнага Клуба «Прафесійна аб актуальным» на тэму «Дзень Канстытуцыі праз прызму выклікаў і перспектываў».
У пасяджэнні ўдзельнічалі больш за 25 прадстаўнікоў палітычных структураў, грамадзянскіх ініцыятываў і экспертнай супольнасці. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, палітычны аналітык Андрэй Вардамацкі, палітолаг Яўген Магда, а таксама прадстаўнікі АГП, Руху «За свабоду», БСДП(Г), БНФ, незалежных медыя і грамадзянскіх ініцыятываў. Мадэраваў дыскусію дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Святлана Ціханоўская падчас свайго выступу адзначыла, што аднаўленне дэмакратычнай Беларусі немагчымае без павагі да Канстытуцыі і сістэмнай падрыхтоўкі канстытуцыйнай рэформы:
«Калі законы — гэта мова, якой гаворыць дзяржава, то Канстытуцыя — своеасаблівы буквар, першая кніга любога палітыка ва ўладзе. Без яе няма разумення ўсяго астатняга. Толькі там, дзе Канстытуцыя выконваецца, можа існаваць парадак і сапраўднае развіццё.
Адбіранне ў народа дзяржавы пачалося з адбірання Канстытуцыі. Менавіта таму мы — тыя, хто паставіў сабе мэту аднавіць дэмакратыю ў Беларусі, — не можам ігнараваць тэму Канстытуцыі і неабходнасці будучай канстытуцыйнай рэформы».
Галоўным вынікам дыскусіі стала кансенсуснае пацвярджэнне неабходнасці ўжо сёння займацца падрыхтоўкай канстытуцыйных і заканадаўчых асноваў будучай дэмакратычнай Беларусі.
