ВІЗІТ У БЕРЛІН
26–27 лістапада Святлана Ціханоўская наведала Берлін з працоўным візітам. Яна сустрэлася з новай спікеркай Бундэстагу Юліяй Клёкнер. Падчас сустрэчы абмеркавалі намаганні па вызваленні палітвязняў, і дамовіліся працягваць супрацоўніцтва паміж Бундэстагам і інстытутамі дэмакратычных сілаў Беларусі. З міністрам замежных справаў Германіі Ёхан Вадэфулем абмеркавалі мірныя перамовы па Украіне. Абноўленай групе «За дэмакратычную Беларусь» у нямецкім Бундэстагу лідарка прапанавала разглядзець магчымасць прыняцця новай рэзалюцыі па Беларусі і агучыла шэраг ідэяў для працы групы.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ БЫЛА ЎЗНАГАРОДЖАНАЯ ПРЭМІЯЙ «СМЕЛЫЯ ЖАНЧЫНЫ ЗА СВАБОДУ І ДЭМАКРАТЫЮ»
27 лістапада, падчас візіту ў Германію, Святлана Ціханоўская была ўзнагароджаная прэміяй Menschen in Europa «Смелыя жанчыны за свабоду і дэмакратыю». Цырымонія адбылася ў межах штогадовай праграмы Menschen in Europa, якая адзначае асобаў, што ўнеслі значны ўклад у абарону правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў. Разам са Святланай Ціханоўскай прэмію атрымала Юлія Навальная. У сваёй прамове Ціханоўскай прысвяціла прэмію ўсім беларусам і падкрэсліла, што менавіта людзі вызначаюць Беларусь і будучыню краіны.
СУСТРЭЧА З ДАРАДЦАЙ ГІТАНАСА НАЎСЕДЫ ДЭЙВІДАСАМ МАТУЛЁНІСАМ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі сустрэўся з дарадцам Гітанаса Наўседы па нацыянальнай бяспецы Дэйвідасам Матулёнісам і перадаў яму 18 прапановаў ад Офіса Святланы Ціханоўскай па ўзмацненні ціску на рэжым. Таксама Кучынскі і Матулёніс абмеркавалі інцыдэнты з паветранымі шарамі і сумесныя падыходы да рэагавання на пагрозы і пытанне мабільнасці беларусаў.
ДРУГАЯ АКАДЭМІЯ ЖАНОЧАГА ПАЛІТЫЧНАГА ЛІДАРСТВА ПРАЙШЛА Ў ПРАЗЕ
Другая Акадэмія жаночага палітычнага лідарства прайшла ў Празе і аб’яднала 10 удзельніц, усе з іх — былыя палітзняволеныя. Гэтая ініцыятыва дае магчымасць жанчынам з досведам рэпрэсіяў развіць свой патэнцыял і ўмацаваць лідарскія навыкі. Акадэмія накіраваная на падрыхтоўку жанчын да больш актыўнага ўдзелу ў палітычных працэсах і прадстаўлення беларускай дэмакратычнай супольнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Праграма ўключала тэарэтычныя заняткі, практычныя модулі, сустрэчы з эксперткамі, а таксама візіты ў амбасады Германіі і Нарвегіі.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — НА ПАСЯДЖЭННІ АБ’ЯДНАГА ПЕРАХОДНАГА КАБІНЕТА Ў ВАРШАВЕ
24 лістапада адбылася прэс-канферэнцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў Варшаве. Ціханоўская выступіла з прамовай: «Мы сочым за перамовамі па Украіне, і ў кантакце з еўрапейскімі саюзнікамі — каб былі ўлічаныя інтарэсы Беларусі таксама. Свае пазіцыі мы ўжо перадалі найбліжэйшым саюзнікам. Важна, каб па выніках любых дамоўленасцяў — Беларусь не засталася пад кантролем Расіі. Пару дзён назад я размаўляла са спецпасланнікам прэзідэнта Трампа па Беларусі Джонам Коўлам, і магу сказаць, што мы аднолькава разумеем сітуацыю. Я шчыра спадзяюся, у найбліжэйшыя тыдні будуць добрыя навіны».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ДА 105-Й ГАДАВІНЫ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ
28 лістапада беларусы адзначалі 105 гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Ціханоўская з гэтай нагоды: «Слуцкі збройны чын — частка нашай гісторыі, няхай і замоўчанай на дзесяцігоддзі. Але гэтая гісторыя жыве, бо беларусы ніколі не былі абыякавымі да сваёй зямлі і сваёй свабоды — не сто гадоў таму і не зараз.
Гэтая традыцыя адказнасці працягваецца. Нашыя добраахвотнікі ва Украіне, валанцёры і ўсе беларусы і беларускі, якія працягваюць барацьбу дзеля незалежнасці, паказваюць, што тое ж самае пачуццё годнасці і любові да сваёй краіны жыве ў кожным з нас».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ДА МІЖНАРОДНАГА ДНЯ БАРАЦЬБЫ ЗА ЛІКВІДАЦЫЮ ГВАЛТУ СУПРАЦЬ ЖАНЧЫН
25 лістапада ў свеце адзначаюць дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту супраць жанчын. Ціханоўская: «Сёння я хачу сказаць кожнай жанчыне: вы не адна. Мы побач. Мы разам. І калі вам пагражае небяспека — не абірайце маўчанне. Ніводная жанчына не павінна заставацца сам-насам з гвалтам. Калі вы сутыкаецеся з пагрозамі, ціскам або абразамі, звяртайцеся па дапамогу: да надзейных блізкіх, у сацыяльныя і праваабарончыя арганізацыі, у службы падтрымкі. Прасіць абароны — гэта не слабасць».
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА АПОШНІЯ ЗАТРЫМАННІ БЕЛАРУСАЎ НА МЯЖЫ
На межах Беларусі працягваюцца затрыманні. Кожны дзень адбываюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Ціханоўская: «Рэжым працягвае затрымліваць людзей, правяраць тэлефоны, складаць пратаколы і змяшчаць у ІЧУ. Некаторыя беларусы пасля такіх затрыманняў адбываюць адміністрацыйны арышт або трапляюць пад крымінальны пераслед. Усе гэтыя выпадкі сведчаць пра тое, што рэжым працягвае ўжываць рэпрэсіі маштабна і непрадказальна».
ДАРАДЦА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ ПА ПРАВАВЫХ ПЫТАННЯХ ЛЕАНІД МАРОЗАЎ — ПРА СТАТКЕВІЧА
З моманту вяртання Мікалая Статкевіча з літоўскай мяжы ў Беларусь прайшло больш за два месяцы, і ўвесь гэты час яго месцазнаходжанне застаецца невядомым. Блізкія Мікалая атрымалі першы афіцыйны адказ МУС, у якім пазначана толькі тое, што ён «адбывае пакаранне паводле прысуду». Марозаў адзначыў: «Памілаванне, пасля якога чалавека зноў утрымліваюць у няволі — гэта не акт міласэрнасці, а дэманстрацыя цынічнай хлусні. Статкевіча абвясцілі «вызваленым», але фактычна схавалі і працягнулі караць. Тое, што адбываецца са Статкевічам, — наглядная дэманстрацыя хлусні рэжыму: чалавека фармальна памілавалі, але фактычна схавалі. Пакуль улады хаваюць ягонае месцазнаходжанне, ніякія словы Лукашэнкі не маюць вагі.
МЕДЫЯ:
На гэтым тыдні Ціханоўская дала інтэрв’ю наступным выданням: Die Tageszeitung, (Германія), Deutsche Welle (DW) (Германія), Deutsche Welle (DW) (Германія), Deutsche Welle (DW) (Германія), Deutsche Welle (DW) (Германія), LA PRESSE (Італія), LA PRESSE (Італія), BILD (Германія), Euroradio (Беларусь), Салідарнасць (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Радыё Свабода (Беларусь), Позірк (Беларусь), Reform News (Беларусь), Наша Ніва (Беларусь), PassBlue (США, міжнароднае), Radio4 ERR (Эстонія), Jupiter ERR (Эстонія).
