• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Страсбург, Дзень Волі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 10-16 сакавіка

    17 сакавіка, 2025

    ЕЎРАПАРЛАМЕНТ І РАДА ЕЎРОПЫ
    11-12 сакавіка Святлана Ціханоўская выступіла разам з былой палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу. У сваёй прамове Ціханоўская заклікала падтрымліваць Украіну, захоўваць еўрапейскае адзінства, павялічыць падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці, паколькі гэта таксама інвестыцыя ў бяспеку Еўропы. Ціханоўская адзначыла, што рэжым нясе пагрозу ўсёй Еўропе, працягвае зарабляць на вайне, пастаўляе ўзбраенне Расіі. 

    Ціханоўская таксама выступіла перад Камітэтам міністраў Рады Еўропы і заклікала Раду Еўропу прыняць дэкларацыю ў абарону незалежнасці Беларусі. 

    Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай, лідарамі фракцыяў Еўрапарламента, выступіла перад парламенцкімі групамі EPP, ECR, S&D, Renew Europe, а таксама дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю.

    Вынікі візіту ў відэа.
    Фотарэпартаж.

    ДЗЕНЬ ВОЛІ 25 САКАВІКА
    Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў супольна адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка, а міжнародных партнёраў – выказаць салідарнасць з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду. 25 сакавіка па ўсім свеце адбудуцца імпрэзы, каб аб’яднаць беларусаў і паказаць, што мы працягваем барацьбу за дэмакратычныя змены ў нашай краіне. 23 сакавіка а 13-й гадзіне ў Варшаве пройдзе марш да Дня Волі. У Вільні акцыя пачнецца а 8:30 гадзіне каля Сейма! Таксама плануецца ўрачыстае ўзняцце бел-чырвонага-белага сцяга каля Сейма Літвы. Спіс мерапрыемстваў у свеце ТУТ. 

    СУСТРЭЧА З КСЕНІЯЙ ЛУЦКІНАЙ
    Святлана Ціханоўская сустрэлася з вядомай беларускай экс-палітзняволенай журналісткай Ксеніяй Луцкінай у Офісе ў Вільні. Журналістку Ксенію Луцкіну затрымалі ў 2020 годзе і прысудзілі да васьмі гадоў калоніі за пратэст супраць гвалту і супраць палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Выйшла на волю па памілаванні 20 жніўня 2024 года. 4 сакавіка стала вядома, што Ксенію эвакуявалі і яна знаходзіцца ў бяспецы. 


    СПРАВАЗДАЧА ААН ПА БЕЛАРУСІ
    Офіс Святланы Ціханоўскай перадаў матэрыялы для новай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека  пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Яна будзе прадстаўленая на 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у кастрычніку 2025 года. Гэтым разам асаблівая ўвага будзе нададзеная працоўным правам і сітуацыі ў сферы занятасці. Спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі заклікаў праваабаронцаў, прафсаюзы, СМІ, а таксама тых, хто сутыкнуўся з парушэннямі або валодае адпаведнай інфармацыяй, падзяліцца звесткамі да 31 мая 2025 года. Для гэтага можна скарыстацца электроннай поштай hrc-sr-belarus@un.org.

    ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ
    Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Канстытуцыі: «Сённяшні дзень стане сапраўдным святам, калі законы будуць абараняць грамадзянаў, а не выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў. Калі ў краіне з’явіцца незалежны суд, сумленныя выбары і роўныя правы для ўсіх. Калі Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай. І мы набліжаем гэты дзень кожным сумесным намаганнем. Беззаконне не можа працягвацца бясконца – яму на змену прыходзяць павага да правоў людзей і справядлівасць». Офіс Святланы Ціханоўскай працуе над праектам новай Канстытуцыі Беларусі, якая будзе абараняць правы кожнага беларуса і кожнай беларускі, гарантуючы дэмакратыю і недапушчэнне вяртання дыктатуры.

    ПЕРАСТАНОЎКІ ВА ЎРАДЗЕ БЕЛАРУСІ
    Алесь Аляхновіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах пракаментаваў перастаноўкі ва ўрадзе Лукашэнкі: «Лукашэнка часта змяняе кіраўнікоў, каб не дапусціць іх узмацнення і незалежнасці. Новым кіраўніком Нацбанка стаў Галоўчанка, які не мае банкаўскага досведу і звязаны з сілавымі структурамі. Падобныя прызначэнні ўжо прыводзілі да эканамічных крызісаў у Беларусі». Аляхновіч адзначыў, што ўпершыню «прэм’ерам» становіцца чалавек, які знаходзіцца пад санкцыямі дзясяткаў краінаў свету. 

    АСАБІСТЫЯ РАЗМОВЫ
    На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская правяла асабістыя размовы з беларусамі з розных куткоў свету – гэта бяспечны фармат, дзе кожны жадаючы можа далучыцца і наўпрост паразмаўляць з беларускай лідаркай: падзяліцца праблемамі, ідэямі і задаць пытанні. 

    ПАДТРЫМКА НЕЗАЛЕЖНЫХ МЕДЫЯ
    Офіс Святланы Ціханоўскай накіраваў запыт Еўракамісіі і ўрадам краінаў ЕС павялічыць падтрымку для незалежных журналістаў Беларусі, якія сутыкнуліся з істотнымі скарачэннямі на фоне прыпынення працы USAID па Беларусі. Незалежныя медыя граюць крытычную ролю ў забеспячэнні беларусаў непадцэнзурнай інфармацыі, супрацьдзеянню прапаганды і расійскіх уплываў у Беларусі. 

    МЕДЫЯ
    На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю The National (Шатландыя), Mediaset (Італія),  Sky TV (Італія), Радыё Свабода (Беларусь, відэа), Позірк (Беларусь), Радыё Свабода (Беларусь), RFI (Францыя), Palitranews (англійская версія, грузінская версія, Грузія), BTA (англійская версія, балгарская версія, Балгарыя), The New Union Post, SITA (прэс-агенцтва, Славакія), Маланка (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), BBC.


    Апошнія навіны