Журналістку Ксенію Луцкіну затрымалі ў 2020 годзе за грамадзянскую пазіцыю і прысудзілі да васьмі гадоў калоніі. Былая супрацоўніца дзяржаўнага тэлебачання адкрыта выступіла супраць гвалту і асудзіла палітыку Лукашэнкі. У турме Ксенія сутыкнулася з цяжкімі ўмовамі ўтрыманняі, што сур’ёзна адбілася на стане яе здароўя.
Пасля вызвалення Ксенія змагла выехаць з Беларусі. Цяпер яна спрабуе аднавіць жыццё, вярнуцца ў прафесію, падтрымліваць іншых былых палітвязняў, а таксама спрыяць вызваленню тых, хто знаходзіцца ў месцах несвабоды.
На сустрэчы, якая адбылася сёння ў Вільні, Святлана Ціханоўская адзначыла, што гісторыя Ксеніі – гэта прыклад незвычайнай сілы:
«Рэжым рабіў усё, каб зламаць Ксенію – не толькі праз прысуд, але і праз адсутнасць медычнай дапамогі, што руйнавала яе здароўе. Нягледзячы на ціск, Ксенія вытрымала. Вельмі радасна, што яна цяпер у бяспецы, бо самае каштоўнае для чалавека – гэта жыццё і свабода. Таму цяпер важна дапамагчы Ксеніі аднавіцца і разам працягваць барацьбу за тых, хто ўсё яшчэ за кратамі».