Шаноўныя члены Еўрапейскага парламента,
Шаноўная прэзідэнтка Метсола, дарагая Раберта,
Дзякуй за вашыя магутныя словы, за нашае сяброўства і за вашае неверагоднае лідарства.
Я заўсёды кажу, што незвычайныя часы патрабуюць незвычайных рашэнняў. І летась, Раберта, мы зрабілі такі крок разам: падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Еўрапейскім парламентам.
Гэта быў выразны сігнал для майго народа: Беларусь – гэта Еўропа. І аднойчы мы зоймем сваё заслужанае месца ў гэтай зале.
Я хачу падзякаваць членам дэлегацыі па Беларусі на чале з Малгажатай Гасеўскай і дакладчыку Гельмуту Брандштэтэру.
Дзякуй за тое, што вы працуеце з дэмакратычнай Беларуссю, а не з нелегітымным рэжымам у Мінску.
Толькі на мінулым тыдні ў Рыме мы правялі гістарычны саміт Міжпарламенцкага альянсу за дэмакратычную Беларусь, арганізаваны Італьянскім парламентам. Дэпутаты з 17 еўрапейскіх краінаў падпісалі «Рымскі мемарандум», паказаўшы, што барацьба Беларусі за свабоду – гэта таксама барацьба ўсёй Еўропы.
Я хачу адзначыць працу Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага фонду за дэмакратыю за вашую падтрымку беларускіх медыя і грамадзянскай супольнасці. Кожнае еўра, выдаткаванае на праўду і супраціў, стварае шчыт супраць распаўсюджвання тыраніі.
І, нарэшце, я хачу падзякаваць усім вашым народам за гасціннасць для беларусаў, якія вымушаныя ратавацца ад рэпрэсіяў. Асаблівая падзяка Польшчы і Літве, якія прынялі сотні тысячаў нашых грамадзянаў.
Сёння я таксама віншую нашых літоўскіх сяброў, якія святкуюць Дзень аднаўлення незалежнасці. Вы самі ведаеце сапраўдную цану салідарнасці, калі вашая краіна была пад акупацыяй. Ačiū, draugai!
Шаноўныя члены Еўрапейскага парламента,
Я дзякую кожнаму з вас – не толькі за падтрымку Беларусі і Украіны, але і Грузіі, Малдовы і Арменіі.
Мы ўсе знаходзімся ў адной зоне невядомасці, задаючы сабе пытанне: хто падтрымае нас у барацьбе за свабоду?
Ці будуць нашыя краіны калі-небудзь у бяспецы і свабодзе? Ці застанемся мы ў цені вялізарнай сілы, якая не паважае нас, не прызнае нашай незалежнасці і адмаўляе нам у праве быць свабоднымі народамі Еўропы?
Ці будуць намі ахвяраваць, спадзеючыся, што, атрымаўшы нас, гэтая сіла супакоіцца і не пойдзе далей?
Але мы ведаем гісторыю. Галодная імперыя ніколі не насычаецца.
Так, мы жывём у няпэўныя часы. Але няпэўнасць не павінна весці да ваганняў.
Хто будзе абараняць Еўропу, калі не самі еўрапейцы?
Ці мы павінны заўсёды шукаць абароны за Атлантыкай? Ці настаў час сказаць: мы будзем стаяць адно за аднаго, «За нашу і вашу свабоду» – як гаворыць вядомы дэвіз?
Дарагія сябры,
У такія часы Міжнародны жаночы дзень – гэта не свята, а змаганне.
Сёння многія беларускі не атрымліваюць кветкі – яны атрымліваюць турэмныя тэрміны.
Яны не маршыруюць на парадах – яны ідуць у судовыя залы.
Яны не маюць раскошы міру і дэмакратыі – яны вымушаныя за гэта змагацца.
І мы змагаемся.
Мы змагаемся, каб не застацца ў цені рэваншысцкай Расійскай імперыі, якая імкнецца падпарадкаваць нашыя народы і сцерці ўсё, што звязвае нас з Еўропай – нашую мову, нашую культуру, нашую ідэнтычнасць.
Мы змагаемся за нашых палітвязняў – больш за 1200 чалавек за кратамі, у тым ліку 155 жанчын. Ізаляваныя. Катаваныя. Пазбаўленыя медыцынскай дапамогі. Але яны не здаюцца.
Мы змагаемся за справядлівасць, каб кожны, хто вінаваты ў рэпрэсіях, катаваннях і ваенных злачынствах, быў пакараны. Таму што адкладзенае правасуддзе – гэта адмова ад правасуддзя.
Мы змагаемся за тыя самыя каштоўнасці, што вызначаюць Еўропу – свабоду, бяспеку і дабрабыт. І Беларусь – доказ таго, што без свабоды няма бяспекі. А без бяспекі няма дабрабыту.
Мы змагаемся за Украіну, бо нашыя лёсы звязаныя. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. А без свабоднай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе.
Мы змагаемся супраць ілюзіяў. Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру – яны хочуць падпарадкавання. Любая дамова з імі без змены іх намераў будзе толькі перадышкай – часам перад новым ударам.
І не толькі супраць Беларусі і Украіны.
Спытайце Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію – яны ўсе задаюцца пытаннем: калі Украіна ўпадзе, калі Беларусь знікне… хто наступны?
Не павінна быць «наступных».
Таму:
Мы змагаемся за Еўропу, якая не саступае дыктатарам, а ізалюе іх, а не заспакойвае. Бо мы ведаем: дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы. І мы можам зрабіць гэта толькі разам.
Дарагія сябры,
Свабодная Беларусь магчымая толькі ў моцнай і аб’яднанай Еўропе.
Калі вы абмяркоўваеце пераўзбраенне Еўропы, я заклікаю вас разглядаць падтрымку Беларусі як інвестыцыю ў вашую ўласную бяспеку.
Беларусь – ключ да спынення расійскага наступу на Еўропу.
Без свабоднай і незалежнай Беларусі пагроза вайны не скончыцца – ні для Украіны, ні для Еўропы.
Я заклікаю вас павялічыць дапамогу беларускім незалежным медыя, падтрымаць супраціў, паказаць беларусам ясную еўрапейскую перспектыву.
І адначасова – узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.
Я тут, каб сказаць: нам патрэбная Еўропа. І мы патрэбныя Еўропе.
Мы не спынімся. Пакуль не вызвалім кожнага палітвязня. Пакуль апошні расійскі жаўнер не пакіне нашую краіну. Пакуль не адбудуцца суды над злачынцамі.
І калі гэты дзень настане, мы будзем разам у свабоднай Еўропе!
Жыве Беларусь! Слава Украіне! Long Live Europe!