ВІЗІТ У СТРАСБУРГ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская наведала Страсбург с працоўным візітам. Падчас паездкі беларуская лідарка сустрэлася з кіраўніцтвам Рады Еўропы, а таксама ўзяла ўдзел ў Сусветным Форуме за дэмакратыю.
Было прынятае рашэнне стварыць Інфармацыйны пункт Рады Еўропы па Беларусі ў Вільні, запусціць праграму стажыровак для беларусаў у Радзе Еўропы. Каардынацыйная Рада будзе браць удзел у сесіі ПАРЕ. Запланаваная сустрэча Кантактнай групы паміж дэмакратычнымі сіламі і Радай Еўропы на 2 снежня.
ГАДАВІНА ПАДЗЕННЯ БЕРЛІНСКАЙ СЦЯНЫ
Беларуская лідарка выступіла на ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 35-й гадавіне падзення Берлінскай сцяны. Ціханоўская заявіла, што Еўрапейскі Саюз павінен быць Заходнім Берлінам для беларусаў цяпер. Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, а таксама ўзяла ўдзел у размалёўцы «беларускага» кавалка Берлінскай сцяны.
ФОРУМ БУДУЧЫНІ ДЭМАКРАТЫІ
7 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла на Форуме будучыні дэмакратыі ў Вільні, арганізаваным Міністэрствам замежных справаў Літвы. Падчас мерапрыемства беларуская лідарка ўручыла Крыж Добрасуседства міністру замежных справаў Літвы Габрыэлюсу Ландсбергісу.
Фотарэпартаж.
АКЦЫЯ САЛІДАРНАСЦІ Ў ВІЛЬНІ
12 лістапада – чацвёртая гадавіна смерці Рамана Бандарэнкі. Беларуская лідарка ўзяла ўдзел у акцыі ўшанавання памяці Рамана і ўсіх загінулых беларускіх герояў.
БЯЗВЫБАРЫ-2025
Дэмакратычныя сілы Беларусі працягваюць падрыхтоўку да «бязвыбараў-2025», якія ў 2025 годзе збіраецца праводзіць рэжым. Дэмакратычныя сілы заклікаюць не прызнаваць выбары, і рыхтуюць альтэрнатыўную інфармацыйную кампанію.
ВЫБАРЫ Ў ЗША
Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Трампа з перамогай на выбарах прэзідэнта ЗША і выказала спадзяванне на працяг супрацоўніцтва паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, у тым ліку ў межах Стратэгічнага дыялогу.
СТРАТЭГІЧНЫ ДЫЯЛОГ З ЗША
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі працягваюць падрыхтоўку да стратэгічнага дыялогу з ЗША, запланаванага на першы тыдзень снежня.
ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
На гэтым тыдні стала вядома пра вызваленне яшчэ 31 палітвязня з беларускіх турмаў. Святлана Ціханоўская прывітала гэты крок і заклікала да вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсіяў: «Вызваляючы адных, рэжым працягвае катаваць і кідаць за краты іншых».
РЭЗАЛЮЦЫЯ ЧЭХІІ АБ НЕПРЫЗНАННІ ТАК ЗВАНЫХ ВЫБАРАЎ-2025 У БЕЛАРУСІ
Камітэт замежных справаў Чэхіі апублікаваў Рэзалюцыю, у якой сцвярджаецца, што правядзенне ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў «непрымальна ў цяперашніх умовах», вынікі галасавання «не будуць лічыцца легітымнымі».
«БЯЗВЫБАРЫ-2025»
Падчас працоўнага візіту ў Страсбург беларуская лідарка паразмаўляла з Радыё Свабода пра «Бязвыбары-2025», кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і вызваленне палітвязняў падчас выбарчай кампаніі. Святлана Ціханоўская: «Усе разумеюць: кандыдаты, якія знаходзяцца ў бюлетэнях – гэта людзі Лукашэнкі, якія аддадуць галасы за яго. Таму гэта ніяк не падобна на свабодныя выбары – гэта проста шоу для Лукашэнкі. Беларусы разумеюць гэта, як і нашыя дэмакратычныя партнёры».
ПЕРАМОВЫ НАКОНТ ВЫЗВАЛЕННЯ ГНЁТА
Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» расказаў як каманда Офіса Святланы Ціханоўская вяла перамовы з уладамі Сербіі наконт вызвалення Андрэя Гнёта.
Нагадаем, Андрэй Гнёт – беларускі рэжысёр і актывіст, быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго быў перададзены паліцыі. 31 кастрычніка 2024 года ён быў вызвалены і пакінуў Сербію. Зараз Гнёт у бяспецы і знаходзіцца ў Германіі.
ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ ЗА МЯЖОЙ
Каманда Офіса падрыхтавала артыкул, у якім падрабязна распавяла, што важна ведаць беларусам, якія легалізуюцца ў краінах ЕС па гуманітарных прычынах.
СІТУАЦЫЯ З МЕДЫЦЫНСКАЙ АДУКАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ
Каманда Офіса падрыхтавала відэа пра сітуацыю з медыцынай у Беларусі (Даследаванне BYMedSol), а таксама спосабы да яе рэфармавання
ЦІ ЗАБЯСПЕЧВАЕ РЭЖЫМ МІР У БЕЛАРУСІ?
Экспертка Офіса Святланы Ціханоўскай Аліна Харысава развеяла міф прапагандысцкага наратыву пра «мірны» рэжым Лукашэнкі.
МОЛАДЗЬ У БЕЛАРУСІ
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай расказала, з якімі перашкодамі сутыкаюцца маладыя беларусы ў штодзённым жыцці: імкліва падаючы ўзровень вышэйшай адукацыі, сістэма абавязковай «адпрацоўкі» пасля ВНУ і блакаванне магчымасцяў для навучання за мяжой, складанасці ў пошуку працы і мінімальныя зарплаты.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Радыё Свабода (Беларусь), Euronews (Міжнароднае), DW News (Міжнароднае), PAP (Польшча), BILD (Германія), Tagesspiegel (Германія, поўны тэкст), Stern (Германія).