УДЗЕЛ У WEB SUMMIT. Па запрашэнні прэм’ер-міністра Партугаліі беларуская лідарка прыняла ўдзел у Web Summit – адной з самых уплывовых тэхналагічных канферэнцый Еўропы. Святлана Ціханоўская расказала пра ролю тэхналогіяў у беларускім супраціве, а таксама заклікала тэхналагічныя кампаніі аказваць падтрымку беларускім незалежным медыя, блогерам і журналістам.
На палях Саміту Святлана Ціханоўская правяла размовы з заснавальнікам Wikipedia Джымі Уэйлсам, прэзідэнтам кітайскай карпарацыі Alibaba.com Чжонгам Куо, міністаркай па лічбавай дзяржаве і гендарнай роўнасці Даніі Мары Б’ерры, міністрам эканомікі Партугаліі Антонію Коста Сільва, мэрам Лісабона Карласам Маэдасам і генеральнай дырэктаркай Web-Summit Кэтрын Махер.
ВІЗІТ У ПАРТУГАЛІЮ. 13-15 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Лісабоне. У межах афіцыйнага візіту яна сустрэлася з прэм’ер-міністрам Партугаліі Антонію Кошта, дзяржсакратаром Бернарда Іва Крузам, а таксама з міністаркай абароны Хеленай Карэйрас.
13 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла ў партугальскім Парламенце, дзе было абвешчана пра стварэнне групы сяброў Беларусі. Беларуская лідарка заклікала Партугалію да больш актыўнага супрацоўніцтва ў напрамку дапамогі беларускім палітзняволеным і падтрымаць праект новага беларускага пашпарат. «Мы спадзяемся, што Партугалія дапаможа выйсці нам на кантакт з партугаламоўнымі краінамі. Яны граюць вялікую ролю ў свеце, іх пазіцыя па многіх пытаннях вельмі важная. І мы разлічваем на тое, што знойдзем з імі агульную мову», – адзначыла Ціханоўская.
ДЗЕНЬ СТУДЭНТА. 17 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень студэнта. З гэтай нагоды дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава запісала відэа, у якім звярнулася да беларускіх студэнтаў: «Мне пашчасціла працаваць з беларускай моладдзю – і я ўпэўненая, што кожны з вас заслугоўвае лепшага. Cтудэнты і студэнткі, ваш запал і рашучасць з’яўляюцца рухаючымі сіламі барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі. Вы не проста лідары заўтрашняга дня – вы каталізатары зменаў сёння. Вы – будучыня новай Беларусі».
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. У кастрычніку адзін з прэстыжных універсітэтаў цэнтральнай Еўропы – Цэнтр менеджменту ў Інсбруку – запусціў стыпендыяльную праграму пад патранажам Святланы Ціханоўскай. У межах праграмы беларускія студэнты могуць атрымаць ступень бакалаўра ці магістра па больш чым 10 спецыяльнасцях. За мінулы месяц да праекта праявіла цікавасць вялікая колькасць маладых людзей, а каманда Офіса падрыхтавала карткі з адказамі на найбольш актуальныя запыты. Падрабязную інфармацыю пра працэс падачы заяўкі і атрыманне стыпендыі можна знайсці на сайце ўніверсітэта.
АДУКАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ. У Мінску міністэрства адукацыі і генеральная пракуратура прэзентавалі новыя школьныя падручнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Дзецям усіх класаў будуць расказваць новую версію гісторыі.
Святлана Ціханоўская пракаментавала гэтую падзею: «Генацыд беларускага народа не застаўся ў 1940-х гадах – ён адбываецца ў Беларусі зараз. У турмах, дзе палітвязняў пазбаўляюць дапамогі, медыкаментаў і рэчаў першай неабходнасці, выракаючы на павольную смерць. У РУУС, дзе з людзей сілай выбіваюць паказанні і прымушаюць запісаць пакаянныя відэа. У школах і ўніверсітэтах, дзе людзі ў пагонах падмяняюць адукацыю ідэалогіяй – і ламаюць лёсы маладых людзей за любыя спробы пайсці супраць сістэмы. Але нягледзячы на гады прапаганды, мы – беларусы – ведаем сваю гісторыю і памятаем сваіх герояў. І нашая задача зараз – не даць прапагандзе трапіць у галовы нашых дзяцей».
БЕЛАРУСКІ КІНАФЕСТЫВАЛЬ. Беларускае кіно можна бясплатна глядзець у любой кропцы свету, дзякуючы кінафестывалю «Паўночнае ззянне – 2023». У праграме фестывалю не толькі беларускага кіно, ёсць і фільмы рэжысёраў з Украіны, Літвы, Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі, Іспаніі і не толькі. Глядзіце фільмы «Паўночнага ззяння», каб адчуць еднасць, нягледзячы на кіламетры!
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Падчас сустрэчы Валанцёраў Офіса з праваабаронцам «Вясны» і былым палітзняволеным Леанідам Судаленкам, ён паказаў практычны прыклад таго, як правільна напісаць і даслаць ліст салідарнасці за краты. Запіс сустрэчы глядзіце па спасылцы.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Politico (Міжнароднае), Зеркало (Беларусь), Yle (Швецыя), Süddeutsche Zeitung (Германія), Kontekst (Латвія), Радыё Унэт (Беларусь).