У Мінску міністэрства адукацыі і генеральная пракуратура прэзентавалі новыя школьныя падручнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Дзецям усіх класаў будуць расказваць новую версію гісторыі.
Святлана Ціханоўская: «Генацыд беларускага народа не застаўся ў 1940-х гадах – ён адбываецца ў Беларусі зараз.
У турмах, дзе палітвязняў пазбаўляюць дапамогі, медыкаментаў і рэчаў першай неабходнасці, выракаючы на павольную смерць. У РУУС, дзе з людзей сілай выбіваюць паказанні і прымушаюць запісаць пакаянныя відэа. У школах і ўніверсітэтах, дзе людзі ў пагонах падмяняюць адукацыю ідэалогіяй – і ламаюць лёсы маладых людзей за любыя спробы пайсці супраць сістэмы.
Такія структуры як ГУБАЗіК і АМАП, якія, здавалася б, павінны абараняць беларусаў, сталі сапраўднымі карнікамі. А рэжымныя ідэолагі сталі тымі, хто бязлітасна знішчае нашу нацыянальную ідэнтычнасць.
У падручніках, напісаных пад дыктоўку прапагандыстаў і сілавікоў, рэжым не раскажа праўду нашым дзецям. Не раскажа пра тое, як дзесяцігоддзямі ліквідуе апанентаў Лукашэнкі. Не раскажа, як тысячамі саджае беларусаў за краты, каб выкараніць любое іншадумства. Там не раскажуць пра тое, як рэжым некалькі разоў перапісваў нашу гісторыю, забараняў любыя згадкі пра нашых герояў і ўносіў у спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» найлепшыя творы беларускіх аўтараў.
Лукашэнка гадамі здраджваў уласным грамадзянам і сваёй краіне дзеля захавання ўлады. Але, нягледзячы на гады прапаганды, мы – беларусы – ведаем праўду. Ведаем сваю гісторыю і памятаем сваіх герояў. І нашая задача зараз – не даць прапагандзе трапіць у галовы нашых дзяцей».