• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Таццяна Шчытцова: «Каб нашая краіна развівалася, права на адукацыю і права на працу не павінны ператварацца ў прыгоннае права»

    01 сакавіка, 2024

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі пракаментавала апошнія заявы міністра адукацыі Беларусі пра прымусовае размеркаванне. Таццяна Шчытцова падкрэсліла, што Беларусі неабходны сур’ёзныя рэформы ў сферы эканомікі і адукацыі, а таксама звярнула ўвагу на праблемы ўзросту прыёму ў ВНУ на вайсковыя спецыяльнасці адсутнасць рэальнага выбару ў выпускнікоў.

    Таццяна Шчытцова: «На днях міністр адукацыі зрабіў некалькі важных заяваў, якія, відаць, павінныя сведчыць аб тым, што ён думае прагматычна і шукае новыя рашэнні для існуючых праблемаў. Як чалавек адукацыі ён, несумненна, хацеў бы быць рацыянальным і канструктыўным. Пытанне ў тым, наколькі яго служба рэжыму сумяшчальная з рацыянальнасцю і канструктыўнасцю.

    Услед за Лукашэнкам, міністр падкрэсліў, што галоўная задача – падрыхтоўка кадраў пад патрэбнасці айчыннага рэальнага сектара. Але як гэта сумяшчаецца з тым фактам, што за апошнія два гады прыём у ВНУ на ваенныя спецыяльнасці вырас на 20%? Краіна рыхтуецца да вайны? Ці ёсць нейкія іншыя прычыны, якія прымушаюць накіроўваць дзяржаўныя сродкі не на падрыхтоўку, напрыклад, дактароў і не на развіццё навукі, а на мілітарызацыю краіны?

    Далей, міністр выказаў меркаванне, што слова «адпрацоўка» сябе зжыло. Шматабяцаючая заява. Пытанне ў тым, ці збіраецца міністр мяняць толькі словы ці саму практыку прымусовага размеркавання? Бо слова адпрацоўка фіксавала менавіта змушаны характар працы на прызначаным працоўным месцы. Адпрацоўка азначае адсутнасць магчымасці выбару (выплата ў якасці альтэрнатывы не з’яўляецца выбарам, у цяперашніх умовах гэта толькі іншая форма ціску і знявагі). 

    Ці прапануе міністр нейкае рашэнне, якое не будзе абмяжоўваць магчымасці прафесійнай самарэалізацыі пасля заканчэння ВНУ? На жаль, такіх прапановаў няма. А што ж ёсць? Замест немілагучнага слова «адпрацоўка» (якое нагадвае аб прыгонным праве) міністр уводзіць, несумненна, больш мілагучны выраз «даем першае працоўнае месца». Гучыць добра. Але праблема ў тым, што гэта толькі новая рыторыка. Прымусовае размеркаванне ніхто (пакуль?) не адмяняе: выпускнікі (бюджэтнікі і не толькі) не могуць адмовіцца ад таго, што ім «даюць»: яны павінныя «браць і адпрацоўваць».

    За што трэба аддаць належнае спадару Іванцу, дык гэта за тое, што ён шукае магчымасці пабудаваць прыгонную сістэму «з чалавечым тварам». Менавіта так, як мне здаецца, трэба разумець яго ідэю пры размеркаванні ўлічваць месца нараджэння чалавека, месца пражывання яго сям’і. На жаль, падобна, міністр можа думаць толькі ў катэгорыях месца, да якога павінен быць прыпісаны чалавек. Не ў катэгорыях свабоды выбару і права на прафесійную самарэалізацыю.

    Каб нашая краіна развівалася, права на адукацыю і права на працу не павінныя ператварацца ў прыгоннае права. Беларусі неабходныя сур’ёзныя рэформы і ў сферы эканомікі, і ў сферы адукацыі. Пакуль спадар Іванец (прымусова?) думае, як дагадзіць Лукашэнку, мы можам рыхтавацца да будучых рэформаў».

    Па ініцыятыве Офіса Святланы Ціханоўскай пры ўдзеле Аб’яднанага Пераходнага Кабінета навуковых экспертаў і практыкаў былі распрацаваныя дарожныя мапы дэмакратызацыі вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі

    З дарожнай мапай дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі можна азнаёміцца па спасылцы, а з дарожнай мапай рэформаў агульнай сярэдняй адукацыі – тут

    Цалкам Стратэгію пераходу да новай Беларусі чытайце па гэтай спасылцы.

    Апошнія навіны